Актывістка апазіцыі, 46-гадовая Алеся Ясюк 
                      была затрыманая ўчора ў Менску падчас распаўсюджвання налепак 
                      «Джынс — за свабоду!». Жанчыну адвезлі ў апорны пункт міліцыі 
                      Ленінскага РАУС Менску, дзе яе збіў маёр міліцыі Фалей І.В. 
                      Судмедэкспертыза зафіксавала ў жанчыны пабоі. Зараз яна 
                      рыхтуе скаргу на неправамерныя дзеянні міліцыянера. 
                    У апорным пункце міліцыі ў дачыненні Алесі Ясюк быў складзены 
                      пратакол аб парушэнні Указу прэзідэнта №31 «Аб добраўпарадкаванні 
                      жыллёвага фонду». У актывістаў таксама канфіскавалі 50 налепак. 
                    «Мяне затрымаў на вуліцы Ракасоўскага ў Менску чалавек 
                      у цывільным, які, як высвятлілася пазней, быў супрацоўнікам 
                      дэпартамента аховы. На міліцэйскай машыне мяне адвезлі ў 
                      апорны пункт міліцыі Ленінскага РУУС Менску. Склалі пратакол, 
                      канфіскавалі 50 налепак, а потым, калі даведаліся, што з 
                      2000 года мяне затрымоўвалі за распаўсюджванне інфармацыйных 
                      матэрыялаў больш за 10 разоў, заявілі, што завядуць на мяне 
                      справу і аштрафуюць не менш, чым на 5 мільёнаў. Потым мяне 
                      адправілі на дактыласкапічную экспертызу. Пратакол у дачыненні 
                      мяне складаў маёр міліцыі Фалей І.В. Калі я нахілілася да 
                      яго, каб паглядзець, што ён піша ў пратаколе, ён стукнуў 
                      мяне кулаком па галаве. Потым заявіў, што ў яго прысутнасці 
                      я павінна толькі стаяць. Калі жа я прысела на крэсла, ён 
                      нагамі выбіў з-пад мяне крэсла, а потым зноў стукнуў — гэтым 
                      разам кулаком у грудзі. Я звалілася на падлогу… Ён схапіў 
                      мяне за вопратку і стаў цягаць па падлозе», — распавяла 
                      прэс-цэнтру Хартыі’97 Алеся Ясюк. 
                     
                     
                       
                      Хартия-97 
                     
                     
                     
                     
                       
                     
                     
                     |