У панядзелак урад Канады абвясціў аб увядзенні 
                      эканамічных санкцый супраць Беларусі, якія датычацца экспарту 
                      тавараў у нашую краіну. Як паведамляецца на сайце ўрада, 
                      «Канада па-ранейшаму вельмі занепакоеная тым, што Беларусь 
                      працягвае ігнараваць заклікі міжнароднай супольнасці ўсталяваць 
                      дэмакратыю». 
                    Паводле міністра замежных спраў Канады Пітэра Маккея (Peter 
                      MacKay), Беларусь «упарціцца ў абуральным парушэнні правоў 
                      чалавека і законнасці». «Канада і міжнародная супольнасць 
                      павінны аказваць ціск на Беларусь, каб палепшыць умовы жыцця 
                      яе людзей», — адзначыў кіраўнік канадскага МЗС. 
                    У сваю чаргу міністр міжнароднага гандлю Дэвід Эмерсан 
                      (David Emerson) выказаў надзею, што «эканамічны ціск у форме 
                      абмежаванняў на экспарт паспрыяе станоўчым зменам у Беларусі». 
                    Паводле пастановы ўрада, любая кампанія, якая пажадала 
                      адправіць тавар у Беларусь, павінна звярнуцца да ўлад за 
                      экспартнай ліцэнзіяй. Рашэнне аб яе выдачы будзе прымацца 
                      ў кожным асобным выпадку. Аднак, як адзначаецца ў паведамленні 
                      на сайце ўрада Канады, з дазволамі на пастаўкі гуманітарных 
                      тавараў, у тым ліку харчавання, вопраткі, лекаў, інфармацыйных 
                      матэрыялаў, і на вываз адзінкавых прадметаў, набытых у асабістае 
                      карыстанне, «у большасці выпадкаў» цяжкасцяў не будзе. 
                      
                       
                    Хартыя'97  
                       
                     
                     
                     |