Суд Фрунзенскага раёна пацвердзіў рашэнне 
                      нагляднай камісіі пры Фрунзенскім райвыканкаме Менска аб 
                      умоўна-датэрміновым вызваленні актывіста кампаніі па назіранні 
                      за выбарамі «Партнёрства» Цімафея Дранчука. Аб гэтым прэс-цэнтру 
                      Хартыі’97 паведаміў бацька палітвязня Валерый Дранчук. Па 
                      ягоных словах, Цімафей выйдзе на волю, хутчэй за ўсё, 26 
                      снежня. 
                    Нагадаем, што Ц.Дранчук і яшчэ тры актывісты «Партнёрства» 
                      былі затрыманыя 21 лютага. У жніўні суд Цэнтральнага раёна 
                      Менска прызнаў іх вінаватымі па артыкуле 193-1 Крымінальнага 
                      кодэкса (удзел у дзейнасці незарэгістраванага грамадскага 
                      аб’яднання). Шэраг абвінавачванняў у адрас актывістаў «Партнёрства», 
                      якія былі агучаныя высокімі службовымі асобамі напярэдадні 
                      прэзідэнцкіх выбараў (фальсіфікацыя вынікаў экзіт-полу, 
                      падрыхтоўка тэрактаў і інш.), не знайшлі пацверджання ні 
                      падчас следстваў, ні ў судзе. У выніку Мікалай Астрэйка 
                      быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі, Цімафей Дранчук 
                      — да аднаго года пазбаўлення волі, Эніра Браніцкая і Аляксандр 
                      Шалайка да шасці месяцаў арышту. Браніцкая і Шалайка выйшлі 
                      на волю 21 жніўня. 17 лістапада з калоніі ў Шклове быў вызвалены 
                      Мікалай Астрэйка, якому змянілі пакаранне на выпраўленчыя 
                      працы. Такім чынам, Ц.Дранчук застаўся адзіным, хто дагэтуль 
                      знаходзіцца ў зняволенні. 
                    Варта таксама адзначыць, што Дранчук быў уключаны ў спіс 
                      прэтэндэнтаў на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, які разглядаўся 
                      камісіяй 30 лістапада, аднак у апошні момант яго выключылі 
                      са спісу. 
                     
                     
                      Хартыя'97 
                       
                     
                     
                     |