Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джорджа Буша 
                      будзе адсочваць свабоду доступа да інтэрнэту і весці маніторынг 
                      за працай інтэрнэт-правайдэраў у аўтарытарных краінах — 
                      Беларусі, Кітаі, Кубе, Іране, Эфіёпіі, Лаосе, Паўночнай 
                      Карэі, Тунісе і В`етнаме. Адпаведнае даручэнне дадзена адміністрацыяй 
                      у сераду Працоўнай групе па забеспячэнні свабоды ў глабальным 
                      інтэрнэце (Global Internet Freedom Task Force), створанай 
                      пры знешнепалітычным ведамстве ЗША. Сваю дзейнасць у рамках 
                      стратэгіі, якая была ўхваленая ў сераду, працоўная група 
                      будзе каардынаваць з іншымі структурамі амерыканскай адміністрацыі, 
                      уключаючы раду па нацыянальнай бяспецы пры прэзідэнце ЗША. 
                      «Гэтая новая стратэгія з`яўляецца папярэджаннем для тых 
                      рэжымаў, якія звяртаюцца да рэпрэсій у дачыненні інтэрнэту», 
                      — заявіў у заяве, якая была распаўсюджаная ў Вашынгтоне, 
                      старшыня падкамітэту палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША, 
                      кангрэсмен-рэспубліканец Крыстафер Сміт. 
                    Сміт паведаміў таксама, што пасля пачатку працы кангрэса 
                      новага склікання ў студзені ён занясе законапраект пад назвай 
                      «Акт аб глабальнай анлайн-свабодзе» (Global Online Freedom 
                      Act), які заканадаўча замацуе стратэгію, выпрацаваную працоўнай 
                      групай. 
                    Законапраект «забароніць амерыканскім інтэрнэт-кампаніям 
                      супрацоўнічаць з рэпрэсіўнымі рэжымамі, якія абмяжоўваюць 
                      інфармацыю па правах чалавека і дэмакратыі ў інтэрнэце, 
                      а таксама выкарыстоўваюць інфармацыю асабістага характару 
                      для высочвання і пакарання дэмакратычных актывістаў», падкрэслівае 
                      ў сваёй заяве кангрэсмен. 
                    Пры гэтым, адзначае ён, у адпаведнасці з законапраектам 
                      «перадача інтэрнэт-кампаніямі асабістых дадзеных аб карыстачах 
                      урадам для прыгнечання іншадумства будзе лічыцца крымінальным 
                      злачынствам». 
                    «Кожная дыктатура абапіраецца на два слупы — сакрэтную 
                      паліцыю і прапаганду. Тыя інтэрнэт-кампаніі, якія падпарадкоўваюцца 
                      такім рэжымам, даюць магчымасць дыктатурам абапірацца на 
                      гэтыя слупы, дазваляючы распаўсюджваць хлусню і выяўляць 
                      людзей, чыё адзінае злачынства ў імкненні да свабоды і дэмакратыі», 
                      — гаворыцца ў заяве старшыні падкамітэта. Там сцвярджаюць, 
                      што «такія аўтарытарныя рэжымы як Кітай, Беларусь, Куба, 
                      Эфіёпія, Іран, Лаос, Паўночная Карэя, Туніс і В`етнам вядомыя 
                      тым, што блакавалі, абмяжоўвалі і кантралявалі свабодны 
                      паток інфармацыі ў інтэрнэце». 
                      
                    Хартыя'97 
                     
                       
                     
                     
                     |