|    Так званыя выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 
                      адбыліся ўчора ў Беларусі. Канчатковыя вынікі гэтых “выбараў” 
                      будуць падведзеныя 18 або 19 студзеня. Аднак ужо сёння зразумела, 
                      што прадстаўнікоў апазіцыі ў мясцовых органаў ўлады будзе 
                      вельмі мала. “Дэпутатамі” на месцах сталі выключна стаўленікі 
                      ўлады, якія ішлі на выбары пад выглядам незалежных дэпутатаў 
                      і вялі агітацыйную кампанію з актыўным выкарыстаннем адміністрацыйнага 
                      рэсурсу. Да таго ж галасы выбаршчыкаў падлічвалі таксама 
                      “свае людзі” – дэмакратаў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі 
                      не ўключылі, а міжнародных назіральнікаў Цэнтрвыбаркам не 
                      запрасіў. 
                    У апошнія дні датэрміновага галасавання на выбарах дэпутатаў 
                      мясцовых Саветаў улада актыўна выкарыстоўвала адміністрацыйны 
                      рэсурс, сцвярджаюць незалежныя назіральнікі. 9 – 13 студзеня 
                      ў датэрміновым галасаванні ўзялі ўдзел 24,9% выбаршчыкаў. 
                      Тэмп датэрміновага галасавання вышэйшы за папярэднія мясцовыя 
                      выбары і амаль такі ж, як на выбарах прэзідэнта ў 2006 годзе. 
                    У прыватнасці, як паведаміў выканаўчы дырэктар грамадскага 
                      аб’яднання “Беларускі Хельсінкскі камітэт” (БХК) Алег Гулак, 
                      12-13 студзеня ў менскія вну паступіла распараджэнне забяспечыць 
                      стоадсоткавую яўку студэнтаў на датэрміновае галасаванне. 
                      “Нам пра гэта паведамілі выкладчыкі і куратары універсітэцкіх 
                      груп. Гэта значыць, як і на мінулых выбарах, сістэма арыентаваная 
                      на датэрміновае галасаванне”, – адзначыў А.Гулак. 
                    Акрамя таго, па дадзеных праваабаронцы, выбарчыя камісіі 
                      адмовіліся даваць назіральнікам інфармацыю пра датэрміновае 
                      галасаванне. “Нам кажуць: тэлефануйце ў Цэнтрвыбаркам, там 
                      усё скажуць. Але Цэнтрвыбаркам валодае агульнымі лічбамі, 
                      а не пэўнымі дадзенымі па пэўным участку”, – сказаў А.Гулак. 
                    Ён таксама адзначыў, што напярэдадні дня выбараў, як і 
                      падчас папярэдняй выбарчай кампаніі, незалежныя назіральнікі, 
                      кандыдаты ў дэпутаты ад дэмсіл і іх давераныя асобы раптам 
                      “пачалі рэзка і цынічна лаяцца мацюком”. “Па гэтым абвінавачванні 
                      ўжо затрыманыя некалькіх нашых назіральнікаў", – паведаміў 
                      А.Гулак. 
                    “Усё залежыць ад таго, як будзе ісці падлік галасоў. Калі, 
                      як і ў мінулую кампанію, усе бюлетэні будуць зваленыя ў 
                      адну кучу і не будзе весціся паасобнага падліку галасоў 
                      па датэрміновым галасаванні і па асноўным дні галасавання, 
                      тады можна будзе казаць пра тое, што гэтыя выбары былі сфальсіфікаваныя, 
                      не з’яўляліся празрыстымі і свабоднымі”, – падкрэсліў выканаўчы 
                      дырэктар БХК. 
                    Дзесяткі актывістаў у Менску і рэгіёнах прэвентыўна затрымоўваліся 
                      і арыштоўваліся. Сёння ў Менску адбудуцца суды над затрыманымі 
                      актывістамі апазіцыі Анастасіяй Александровіч, Алесем Калітой, 
                      Андрэем Дзмітрыевым. Арыштаваныя актывіст Аб’яднанай грамадзянскай 
                      партыі з Пружан (Берасцейская вобласць) Уладзімір Радзівончык; 
                      давераная асоба кандыдата ў дэпутаты абласнога Савета Валерыя 
                      Кіселя Андрэй Фамін; давераная асоба кандыдата ў дэпутаты 
                      гарадскога Савета Сяргея Антусевіча з Партыі БНФ Максім 
                      Губарэвіч; актывіст партыі БНФ з Барысава Сяргей Салаш; 
                      праваабаронца, сябар Беларускага Хельсінкскага Камітэта 
                      з Віцебска Павал Левінаў; моладзевы актывіст з Воршы Сяргей 
                      Гумінскі; кандыдаты ў дэпутаты Пінскага гарадскога Савета 
                      Аляксандр Васільеў і Аляксандр Рамановіч. Апазіцыянераў 
                      абвінавацілі ў хуліганстве. Сведкамі на судзе выступалі 
                      міліцыянты. 
                    Назіральнікі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі 
                      Хельсінкскі камітэт” (БХК) зафіксавалі парушэнні на мясцовых 
                      выбарах. Праваабаронцы адмовіліся прызнаць гэтыя выбары 
                      празрыстымі і справядлівымі. Сёння Беларускі Хельсінкскі 
                      Камітэт апублікуе папярэднюю справаздачу па выбарах дэпутатаў 
                      у мясцовыя Саветы. 
                      
                    Хартыя`97 
                     
                     
                     |