|    Сёньня праваабарончая арганізацыя Freedom 
                      House апублікавала гадавую справаздачу пра стан палітычных 
                      і грамадзянскіх свабодаў у сьвеце. Беларусь па-ранейшаму 
                      мае статус несвабоднай краіны і ўваходзіць у дзесятку краінаў 
                      сьвету, блізкіх да найгоршага стану грамадзянскіх свабодаў 
                      і палітычных правоў. 
                     Паводле справаздачы «Свабода ў сьвеце 2007», колькасьць 
                      свабодных краінаў у сьвеце застаецца амаль нязьменнай ад 
                      1998 году. Справаздача грунтуецца на дасьледаваньні сытуацыі 
                      ў краінах сьвету ў 2006 годзе. Джэніфэр Уінздар (Jennifer 
                      Windsor), выканаўчы дырэктар арганізацыі Freedom House, 
                      адзначае, што «цягам апошняга дзесяцігодзьдзя павялічваецца 
                      працэс стагнацыі свабоды», паколькі стан свабоды пагоршыўся 
                      ў 33 краінах, і толькі ў 18 краінах — палепшыўся.  
                    Праваабарончая арганізацыя Freedom House рыхтуе штогадовыя 
                      справаздачы пра стан свабоды ў сьвеце ад 1972 году. Усе 
                      краіны сьвету дзеляцца на тры катэгорыі — свабодныя, часткова 
                      свабодныя і несвабодныя.  
                    Кожная краіна таксама асобна ацэньваецца ў сфэры палітычных 
                      правоў і грамадзянскіх свабодаў, паводле шкалы ад 1 да 7 
                      балаў, дзе 1 бал азначае найбольшы узровень свабодаў, 7 
                      — найгоршы. Беларусь вызначаецца, як і летась, як цалкам 
                      несвабодная краіна, з найгоршым балам, які ацэньвае узровень 
                      палітычных правоў. Узровень грамадзянскіх свабодаў ацэнены 
                      на 6 балаў — перадапошні перад найгоршым з ўсіх балаў.  
                    Паводле Freedom House, існуе 8 краінаў у сьвеце, дзе стан 
                      свабоды «найгоршы з найгоршага» — Куба, Паўночная Карэя, 
                      Туркмэністан. Узбэкістан, Лівія, Судан, Бірма і Самалі. 
                      Пасьля вылучаецца дзесятак краінаў і тэрыторыяў, якія набліжаюцца 
                      да «найгоршых з найгоршых», у іх ліку і Беларусь, побач 
                      з Кітаем, Зімбабвэ і іншымі дыктараскімі краінамі Азіі і 
                      Афрыкі.  
                    Справаздача Freedom House адзначае, што на абшарах былога 
                      Савецкага Саюзу летась ня было значных зьменаў у стане палітычных 
                      і грамадзянскіх свабодаў. Выключэньнем, «адзіным сьветлым 
                      момантам», названая Украіна, якая далучаная цяпер да ліку 
                      цалкам свабодных краінаў, а таксама палепшылася сытуацыя 
                      ў Грузіі, якая са статусу «несвабодных» перамясьцілася ў 
                      статус «часткова свабодных».  
                    Тым часам «Расея працягвае заставаццца мадэлью для аўтарытарна-арыентаваных 
                      лідэраў у рэгіёне і ў сьвеце», і стан свабоды ў Расеі пагоршыўся 
                      ў выніку жорсткага перасьледу недзяржаўных арганізацыяў. 
                     
                    «Хаця дачыненьні Расеі зь Беларусьсю часткова пагоршыліся, 
                      — адзначаецца ў справаздачы, — Расея працягвае падтрымліваць 
                      аўтакратыі ў рэгіёне і супрацьстаяць памкненьням ААН ужываць 
                      санкцыі супраць дыктатараў».  
                    Справаздача адзначае ў якасьці фэномэна ў разьвіцьці грамадзкіх 
                      і палітычных дачыненьняў у сьвеце цягам апошніх гадоў мэтанакіраваны 
                      націск на дэмакратыю, які характэрны, у ліку іншых названых 
                      несвабодных краінаў, і для Беларусі.  
                    Тут вызначаюцца тры адметныя моманты. Па-першае, аб’ектамі 
                      перасьледу з боку ўладаў робяцца ня столькі палітычныя партыі 
                      ці прафсаюзы, колькі незалежныя недзяржаўныя арганізацыі. 
                      Па-другое, дыктатарскі рэжым імкнецца часьцей ўжываць юрыдычныя 
                      мэханізмы, заканадаўчую базу, для таго, каб прымусіць замаўчаць 
                      вольныя галасы ў грамадзтве. І, нарэшце, тое, што рэжым 
                      ў Беларусі, як і іншыя аўтарытарныя рэжымы, імкнецца пазбавіць 
                      незалежныя арганізацыі ў сваёй краіне магчымасьці атрымліваць 
                      дапамогу з-за мяжы.  
                    Усяго 45 краінаў сьвету названыя ў справаздачы Freedom 
                      House несвабоднымі, ў іх жыве 37% насельніцтва Зямлі. Праўда, 
                      палова ад ўсёй гэтай часткі насельніцтва жыве ў адной краіне 
                      — ў Кітаі. Часткова свабоднымі названыя 58 краінаў, якія 
                      прадстаўляюць 17 % насельніцтва ўсяго сьвету.  
                    Цалкам свабодныя, паводле справаздачы Freedom House — 90 
                      краінаў, у якіх жыве 46 % насельніцтва Зямлі. 
                     
                    Тацяна Поклад 
                      Радыё Свабода 
                    
                     
                     
                     |