|    Сотні людзей выйшлі 16 студзеня на вуліцы 
                      Менска і іншых беларускіх гарадоў у знак салідарнасці з 
                      сем’ямі зніклых беларускіх журналістаў, беларускімі палітвязнямі, 
                      усімі, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. 
                      100 моладзевых актывістаў запалілі свечкі Свабоды і Салідарнасці 
                      ў цэнтры сталіцы на набярэжнай ракі Свіслач. 50 чалавек 
                      сталі ланцугом з запаленымі свечкамі і партрэтамі палітвязняў 
                      ля цэнтральнага чыгуначнага вакзала. Транспаранты «Свабоду 
                      палітвязням!» былі вывешаныя ў розных раёнах горада, незалежныя 
                      газеты і ўлёткі распаўсюджваліся па ўсёй Беларусі. Акцыі 
                      салідарнасці прайшлі ва ўсіх абласных цэнтрах краіны, а 
                      таксама ў Баранавічах, Бабруйску, Жодзіна, Барысаве, Салігорску, 
                      Нясвіжы і іншых гарадах. Тысячы беларусаў запальвалі свечкі 
                      ў вокнах сваіх дамоў. У шмат якіх краінах свету пікетавалі 
                      беларускія дыппрадстаўніцтвы і праводзілі акцыі салідарнасці. 
                    Падчас акцый былі затрыманыя некалькіх актывістаў. У цэнтры 
                      Менска ў гэты дзень дзяжурылі ўзмоцненыя нарады міліцыі. 
                      Кастрычніцкая плошча, плошча Перамогі, Якуба Коласа і вуліца 
                      Няміга былі літаральна ачэпленыя супрацоўнікамі АМАПа. 
                    Моладзевыя актывісты Анастасія Чахоўская, Уладзімір Лукша, 
                      Валянцін Сакалоўскі і Аляксей Бондар былі затрыманыя падчас 
                      акцыі ля Чыгуначнага вакзалу. 50 моладзевых актывістаў стаялі 
                      са свечкамі і партрэтамі палітвязняў. Побач яны паставілі 
                      тумбу, да якой прымацавалі партрэты вязняў сумлення. Праз 
                      пяць хвілін пасля пачатку акцыі да вакзала пад’ехаў аўтобус 
                      з супрацоўнікамі АМАПа. Былі затрыманыя і дастаўленыя ў 
                      адзеленне міліцыі чатыры актывіста. Пасля праверкі дакументаў 
                      яны былі вызваленыя. 
                    Акцыі салідарнасці адбыліся таксама за мяжой — у Польшчы, 
                      Чэхіі, ЗША, Украіне, Расеі, Бельгіі, Швецыі, Эстоніі і іншых 
                      краінах свету. 
                    Акцыі салідарнасці праводзяцца ў Беларусі і па ўсім свеце 
                      ў 16 дзень кожнага месяца. Тысячы беларусаў і сяброў нашай 
                      краіны ва ўсім свеце ў 20.00 запальваюць у сваіх вокнах 
                      свечкі Свабоды, праводзяць вулічныя акцыі салідарнасці, 
                      павязваюць джынсавыя і бел-чырвона-белыя стужкі на сваёй 
                      вопратцы, удзельнічаюць у флэш-мобах і інтэрнэт-акцыях. 
                      У храмах па ўсім свеце праходзяць набажэнствы за беларускіх 
                      палітвязняў і сем’і зніклых апазіцыянераў. 
                      
                    Хартыя`97 
                     
                     
                     
                     |