|    Розныя меркаваньні й шматлікія разнастайныя 
                      разважаньні аб тым, ці варта адзначаць ў ва ўсёй Эўропе 
                      Дзень Салідарнасьці зьяўляюцца ўсё часьцей на старонках 
                      не толькі беларускіх незалежных, але й эмігранцкіх мэдый. 
                      Інтэрнэт прапануе нават з яго дапамогай распаліць віртуальнае 
                      полымя сьвячы на гэты час — «з 19-30 па 20-30 шаснаццатага 
                      дня кожнага месяца». Мову выбірае карыстальнік. Нашчасьце, 
                      я з тых, хто можа запаліць сапраўдную сьвячу. З радасьцю 
                      на сэрцы штомесяц адчуваю сябе пасярод аднадумцаў, калі 
                      разам са Ззьвязам і яго сябрамі далучаю свой маленькі агеньчык 
                      у гэты вечар да шэрагу сьвятлякоў на пражскіх маставых. 
                      А насамрэч, ці варта зьбірацца ў гэты дзень разам, ці варта 
                      пад дажджамі й вятрамі няласкавага эўрапэйскага неба спрабаваць 
                      хаца б на гадзінку захаваць жывое полымя нашае памяці?  
                    Апанэнты лічаць, што тым, дзеля каго гэта робіцца, сьвятло 
                      нашых агнёў зусім не патрэбна; ці так: маладзёвыя акцыі 
                      — проста дзіцячыя гульні на радасьць тым, хто хоча адцягнуць 
                      увагу ад свае бязьдзейнасьці й прыкрыць сваю абыякавасьць 
                      маладым патрыятычным імпэтам. Тэатар Марыянетак пад эўрапэйскі 
                      акампанімэнт. Альбо меркаваньні кшталту: запалім паціху 
                      дома, навошта выходзіць увечары на вуліцу, галоўнае — паўдзельнічаць. 
                      А часьцей за ўсё, нажаль, выказваньні саміх жа пасіўных 
                      беларусаў, якія прызвычаіліся да страўсінае пазыцыі і нават 
                      у цэнтры Эўропы сваё «абы ціха» маркотна цягнуць да «хаты 
                      на ўскрайку».  
                    Аднак тысячы людзей і на Беларусі, і ў розных краінах выходзяць 
                      на вуліцы сваіх гарадоў з запаленымі сьвечкамі, каб выказаць 
                      салідарнасьць зь семьямі зьніклых у нашай краіне апазіцыянераў, 
                      беларускімі палітвязьнямі, рэпрэсаванымі, усімі, хто змагаецца 
                      за свабоду Беларусі.  
                      Ініцыятыва праводзіць Дні Салідарнасьці нарадзілася пасьля 
                      таго, як 16 верасьня 2005 года, у гадавіну зьнікнення віцэ-сьпікера 
                      Вярхоўнага Савета 13 скліканьня Віктара Ганчара і бізьнэсмэна, 
                      грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага, міліцыя разагнала 
                      акцыю ў памяць зьніклых і адняла ў яе ўдзельнікаў партрэты 
                      зьніклых палітыкаў. Людзі трымалі ў руках таксама партэты 
                      выкрадзеных у Беларусі экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя 
                      Захаранкі і журналіста Зміцера Завадскага, нацыянальныя 
                      сьцягі.  
                    З таго часу акцыі салідарнасьці праводзяцца ў Беларусі 
                      і па ўсім свеце 16 дня кожнага месяца. Тысячы беларусаў 
                      і сяброў нашай краіны ва ўсім сьвеце а 20 гадзіне запальваюць 
                      у сваіх вокнах свечкі Свабоды, праводзяць вулічныя акцыі 
                      салідарнасьці, павязваюць джынсавыя і бела-чырвона-белыя 
                      стужкі на сваёй вопратцы, удзельнічаюць у флэш-мобах і Інтэрнэт-акцыях. 
                     
                    Акцыі Салідарнасьці адбыліся 16 студзеня 2007 года ня толькі 
                      ў Празе, на Старамесцкай плошчы, але і ў Вашынгтоне, Варшаве, 
                      Любліне, Кракаве, Беластоке, Познані, Вроцлаве, Кіеве, Санкт-Петярбурзе, 
                      Брусэле, Стакгольме і шматлікіх іншых гарадах і краінах. 
                     
                      
                     
                      Яна Ліцьвінава  
                      www.bielarusy.org 
                     
                       
                     
                     
                     |