|    170 чалавек прынялі ўдзел у флэш-мобе 
                      ў падтрымку палітзняволеных, які адбыўся 19 студзеня ў Менску. 
                      Акцыя прайшла ў 20.30 каля кінатэатра «Аўрора». Людзі з 
                      запаленымі свечкамі прайшлі па вуліцы Прытыцкага і потым 
                      сталі ў ланцуг.  
                    Некалькі маладых людзей былі затрыманы перад яе пачаткам 
                      у раёне станцыі метро «Фрунзенская». Іх пратрымалі ў амапаўскім 
                      аўтобусе гадзіну, а потым вызвалілі. Пасля сканчэння акцыі 
                      затрыманняў не было. 
                    Акцыю, прысвечаную дню нараджэння беларускага змагара за 
                      свабоду Кастуся Каліноўскага, 21 студзеня правялі актывісты 
                      грамадзянскай кампаніі «За Свабоду!». 30 чалавек сталі ў 
                      ланцуг на перакрыжаванні вуліцы Ванеева і праспекта Ракасоўскага. 
                      У руках яны трымалі літары, якія складалі адну з найболш 
                      вядомых цытатаў Каліноўскага: «Не народ для ўрада, а ўрад 
                      для народа!» Акцыя працягвалася каля 15 хвілін, ніхто з 
                      удзельнікаў ня быў затрыманы. 
                    Некалькі расцяжак з лозунгам «Свабоду!» з’явіліся ў горадзе 
                      напрыканцы мінулага тыдня. Адна з іх была вывешаная на мосце 
                      праз вуліцу Няміга. Яшчэ адна — на парапеце падземнага пераходу 
                      каля універмагу «Беларусь». Расцяжкі правіселі некалькі 
                      гадзін. 
                      
                    Хартыя`97 
                     
                       
                     
                     
                     |