|   У апошні дзень працы сэсіі Парлямэнцкай 
                      асамблеі АБСЭ ў Кіеве ўхваленая рэзалюцыя па сытуацыі ў 
                      Беларусі.У дакумэнце ўтрымліваецца заклік да беларускіх 
                      уладаў вызваліць палітзьняволеных, правесьці незалежнае 
                      расьсьледаваньне справаў зьніклых апанэнтаў рэжыму, забясьпечыць 
                      свабоду СМІ і няўрадавых арганізацый, а таксама ўнесьці 
                      папраўкі ў выбарчае заканадаўства. 
                    Апроч таго, рэзалюцыя ПА АБСЭ заклікае беларускія ўлады 
                      скарыстацца ініцыятывай Эўразьвязу на добрасуседзтва, выконваць 
                      міжнародныя абавязацельствы і трымацца прынцыпаў пабудовы 
                      вольнай і дэмакратычнай дзяржавы. 
                    Як паведаміў кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль 
                      Лябедзька, які вярнуўся ў Менск напярэдадні, афіцыйная дэлегацыя 
                      на чале з намесьнікам старшыні Палаты прадстаўніком Сяргеем 
                      Забалотцам імкнулася пераканаць кіраўніцтва парлямэнцкай 
                      асамблеі АБСЭ ў тым, што ў Беларусі няма праблемаў ні з 
                      правядзеньнем выбарчых кампаній, ні з магчымасьцю выказваць 
                      альтэрнатыўныя думкі: 
                    «Калі гаварыць тое, што гаварыў на канфэрэнцыі Забалоцец 
                      — маўляў, у нас няма палітычных вязьняў, што ў нас няма 
                      праблемаў з выбарамі, выбары прайшлі дэмакратычна і гэта 
                      зафіксавалі дзесяткі тысяч назіральнікаў, то ў гэта цяжка 
                      верыць усім, хто больш-менш цікавіцца сытуацыяй у Беларусі. 
                    Бо само АБСЭ наглядала і давала ацэнку тым жа выбарам. 
                      А наконт палітычных вязьняў ці скрадзеных — гэта ўжо абсалютна 
                      вядомыя факты. І калі мікшаваць вось гэта, то пазыцыя ў 
                      іх была вельмі слабая». 
                      
                     Ігар Карней 
                      Радыё Свабода 
                     
					 
                    
					 
					 
					 
					 
					   
                     
                     
                     |