У Нью-Ёрку 15 ліпеня адбыўся традыцыйны
штогадовы Марш паняволеных народаў, у якім актыўны удзел
узялі беларусы.
Удзельнікі Маршу паняволеных народаў у Нью-Ёрку скандавалі:
«Лукашэнка — не! Беларусь — так! Жыве Беларусь! Свабода
Беларусі!»
Прэзыдэнт Камітэту паняволеных народаў Хорст Угліч сказаў
Радыё Свабода:
Угліч: «Мы ладзім гэты Марш паняволеных народаў сёлета
49-ты раз. Мы будзем гэта рабіць, пакуль усе народы ня будуць
вольнымі. Чаму так шмат беларускіх бел-чырвона-белых сьцягоў?
У Беларусі дасюль пануе дыктатура, з-за палітыкі Лукашэнкі,
якую не тое што нельга назваць дэмакратычнай — яна хутчэй
сталінісцкая. Мы падтрымліваем змаганьне беларусаў за дэмакратыю
і свабоду».
У маршы бралі удзел Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне,
Беларускі моладзевы рух Амэрыкі. Іх прадстаўнікі сказалі
Радыё Свабода:
Андрэй: «Мы пратэстуем супраць несправядлівасьці, супраць
дыктатураў ва ўсім сьвеце, асабліва ў Беларусі. Вось ідзем
маршам, каб нагадаць людзям Амэрыкі, што ў Эўропе ёсьць
яшчэ апошні дыктатар — у Беларусі».
Віталь: «Сёньня адбываецца Марш паняволеных народаў, у
якім прымае удзел некалькі краінаў, у якіх адбываюцца нядобрыя
рэчы. Я зь Беларусі, я — нязгодны з тым, што адбываецца
ў маёй краіне, і таму я тут».
Чаму так шмат беларускіх бел-чырвона-белых сьцягоў сёньня?
Віталь: «Таму што нас шмат!.. (чутна, як удзельнікі скандуюць
па-беларуску: «Жыве Беларусь!»
Марш пачаўся на скрыжаваньні 5 і 59 авеню, калёна дайшла
да Катэдральнага сабору сьв. Патрыка, дзе адбылася імша
за ўсе паняволеныя народы, пасьля якой удзельнікі маршу
прайшлі да Цэнтаральнага парку на мітынг. У ліку выступоўцаў
быў Зянон Пазьняк, які распавёў пра рэпрэсіі ў Беларусі
і апошнія затрыманьні моладзевых актывістаў, заклікаў змагацца
за вызваленьне ўсіх палітзьняволеных у Беларусі.
Тацяна Поклад
Радыё Свабода
|