|    Сёньня ў Магілёве завяршыўся аўтапрабег 
                      салідарнасьці. 19 ліпеня яго распачалі сябры незарэгістраванага 
                      «Маладога фронту». Моладзевыя актывісты аўтапрабегам па 
                      Беларусі адзначылі 26-годзьдзе палітвязьня Зьмітра Дашкевіча, 
                      а таксама выказалі салідарнасьць з рэпрэсаванай і зьняволенай 
                      моладзьдзю. На працягу двух дзён актывісты наведалі Баранавічы, 
                      Салігорск, Шклоў ды Магілёў. 
                    У аўтапрабегу ўзялі ўдзел каля дваццаці чалавек. У Дзяржынску 
                      міліцыянты затрымалі аўтамабілі, на якіх ехалі маладафронтаўцы. 
                      Далей моладзь працягнула акцыю грамадзкім транспартам. 
                    Пра аўтапрабег салідарнасьці на Магілёўшчыны расказаў «Свабодзе» 
                      Павал Севярынец: 
                    «Нам удалося ўсё-такі прарвацца да Апалонаўкі, да таго 
                      месца, дзе знаходзіцца калёнія і ўтрымліваецца Зьміцер Дашкевіч. 
                      Там нас сустрэлі дзясяткі міліцыянтаў з машынамі. Там нас 
                      завезьлі ў раённы аддзел Шклова. 
                    Калі мы былі ў Шклоўскім раённым аддзеле міліцыі, мы дамагліся 
                      сустрэчы з прадстаўнікамі папраўчай калёніі №17, дзе ўтрымліваецца 
                      Зьміцер Дашкевіч. Прыехалі прадстаўнікі калёніі маёр Балышкін 
                      і опэрупаўнаважаны, які вядзе справу Зьмітра Дашкевіча. 
                      Яны катэгарычна адмовілі ў сустрэчы, але мы змусілі іх даць 
                      слова афіцэра, што яны перакажуць нашы віншаваньні Зьмітру. 
                    Мы хацелі трапіць да Артура Фінькевіча на працу, але з 
                      працы яго перавезьлі ў Магілёў, у камэндатуру. Мы цяпер 
                      перадаем магілёўцам для яго падарунак — торт — і наказ наведаць 
                      яго ў камэндатуры, калі гэта будзе магчыма».  
                     
                      Радыё Свабода 
                    
					 
					 
					 
					 
					   
                     
                     
                     |