|    28 ліпеня прайшоў адзінаццаты па ліку 
                      «Кубак свабоды» — традыцыйны турнір у міні-футболе памяці 
                      Генадзя Карпенкі, прысьвечаны прыняцьцю Дэклярацыі аб дзяржаўным 
                      сувэрэнітэце. У ім брала ўдзел пяць камандаў, якія прадстаўлялі 
                      дэмакратычныя сілы Беларусі і журналістаў. Сёлетні пераходны 
                      кубак праз сем гадоў зноў вярнуўся да каманды партыі БНФ. 
                    Сёньня на футбольным полі, што ў менскім парку Чалюскінцаў 
                      у кругавым турніры сустракаліся пяць камандаў: партыі БНФ, 
                      Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі камуністаў беларускай, 
                      зборнай дэмакратычных сілаў Койданаўшчыны «45+» і каманда 
                      журналістаў. 
                    За турнірам сачылі заўзятары з рацыямі 
                    Чатыры апошніх гады запар у гэтым турніры перамагала каманда 
                      журналістаў. Сёньня яны таксама першымі выйшлі на поле супраць 
                      дружыны ПКБ. Старт пераможцаў мінулых гадоў быў няўдалы 
                      — журналісты прайгралі камуністам 1-0. Тэхнічны дырэктар 
                      турніру Сяргей Вазьняк распавёў пра асаблівасьці сёлетняга 
                      «Кубку свабоды»: 
                    «Будзе кругавы турнір. Кожная каманда правядзе па чатыры 
                      гульні і па выніках будуць вызначаныя пераможца й прызёры. 
                      Таксама мы будзем вызначаць лепшых бамбардзіра, брамніка 
                      і гульца». 
                    За матчамі назірала некалькі чалавек у цывільным з партатыўнымі 
                      радыёстанцыямі. 
                    АГП атрымала ад БАЖ прыз за самую шчырую гульню 
                    Ва ўсіх турнірах «Кубка свабоды», які з 2000 году носіць 
                      імя былога намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Генадзя 
                      Карпенкі, удзельнічала каманда Аб’яднанай грамадзянскай 
                      партыі. Яна выступала й арганізатарам спаборніцтваў. Гаворыць 
                      капітан гэтай каманды і лідэр АГП Анатоль Лябедзька: 
                    «Турнір адметны сваімі моцнымі каранямі. Калі ён праходзіць 
                      11 год — гэта азначае, што турнір некаму патрэбны. Важная 
                      і сама дата прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце. І з гэтым 
                      сьвятам немажліва змагацца ніякімі дэкрэтамі і ўказамі. 
                      Яно было, ёсьць і будзе, і турнір гэта даказвае. І ён моцны 
                      імем асобы Генадзя Карпенкі. Я думаю, што мы павінны шанаваць 
                      памяць палітыкаў найноўшай гісторыі». 
                    Сёлета Беларуская асацыяцыя журналістаў вырашыла ўручыць 
                      свой прыз «За шчырую гульню». Гаворыць віцэ-старшыня БАЖ 
                      Андрэй Бастунец: 
                    «БАЖ вырашыў на гэтым турніры ўручыць кубак за fair play. 
                      І гэта, думаю, цалкам адпавядае дэвізу БАЖ «Трымайся праўды». 
                      І таму мы вырашылі адзначыць тую каманду, якая будзе паказваць 
                      найбольш шчырую гульню». 
                    Самай шчырай, на думку журналістаў, на полі выглядала каманда 
                      АГП. 
                    Капітан каманды БНФ: «Мы ў эўфарыі!» 
                    Самі журналісты занялі другое месца. Пераможны гол у іх 
                      забіў карэспандэнт нашага радыё Віталь Цыганкоў. На трэцім 
                      месцы каманда «45+» з Койданаўшчыны. А пераможцамі турніру 
                      стала каманда партыі БНФ. Гаворыць яе капітан Сяргей Мудрачэнка: 
                    «Выдатна, мы проста ў эўфарыі! Мы вярнулі сабе кубак упершыню 
                      пасьля 2000 году, перапыніўшы манаполію журналістаў. Для 
                      мяне гэта першы турнір у аматарскім футболе». 
                    Праўда, каманда партыі БНФ атрымала не арыгінал кубку, 
                      а ягоны дублікат, якім узнагароджваюць пераможцаў турніру 
                      з 2003 году. Арыгінал кубку згубіўся ў не да канца высьветленых 
                      акалічнасьцях, і знайсьці яго ня могуць дагэтуль. Апошнім 
                      яго трымаў тагачасны тэхнічны дырэктар турніру Аляксандар 
                      Зялко, які сьцьвярджае, што перадаў яго ў штаб-кватэру АГП. 
                      У Аб’яднанай грамадзянскай партыі гавораць, што ў іх кубку 
                      няма.  
                       
                     
                      Радыё Свабода 
                    
					 
					 
					 
					 
					   
                     
                     
                     |