Дэмакратычныя сілы падалі заяўку ў Менгарвыканкам
на правядзенне 14 кастрычніка Еўрапейскага Марша "За
свабоду!". Еўрапейскі Марш павінен пачацца ў 14.00
на Кастрычніцкай плошчы Менска. Маршрут шэсця: па ходніках
праспекта Незалежнасці ад Кастрычніцкай плошчы да пляцоўкі
каля Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, дзе павінен
прайсці мітынг. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску
абвясцілі старшыня аргкамітэта Еўрапейскага Марша, намеснік
старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, міжнародны каардынатар
Хартыі’97 Андрэй Саннікаў, старшыня Аб`яднанай грамадзянскай
партыі Анатоль Лябедзька, старшыня аргкамітэта руху "За
свабоду!" Аляксандр Мілінкевіч, каардынатар Еўрапейскай
кааліцыі, старшыня аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай
партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч.
Палітыкі абвясцілі, што мэтамі акцыі з`яўляюцца дэманстрацыя
еўрапейскага выбару беларускага грамадства і рэалізацыя
12-ці прапаноў Еўразвяза па больш цеснаму і эфектыўнаму
супрацоўніцтву з нашай краінай.
Дэмакратычныя сілы накіроўваюць беларускім службоўцам сігнал
пра тое, што апазіцыя гатовая весці перамовы па правядзенні
дэмакратычных рэформ з улікам іх інтарэсаў.
"Сталасць палітыкаў, як апазіцыйных, так і афіцыйных,
вызначаецца не жаданнем канфрантацыі, а гатоўнасцю да дыялогу
і кампрамісам, таму і прапаноўваецца на пэўнай акцыі, ініцыяванай
дэмакратычнымі сіламі, паспрабаваць зразумець, наколькі
мы гатовыя да кампрамісу дзеля будучыні нашай краіны. У
дадзеным выпадку гаворка ідзе пра перамовы па пэўным мерапрыемстве,
тым больш, што ўлады самі казалі, што неаднаразова запрашалі
апазіцыю ўдзельнічаць у мерапрыемствах у падтрымку незалежнай
Беларусі. Мы да гэтага гатовыя. З улікам таго, што адбываецца
ў самой Беларусі і вакол краіны, становіцца відавочным,
што змена ўлады непазбежная. Нам не абыякава, як гэта будзе
адбывацца: пад ціскам Крамля або шляхам пошуку кампрамісу
ўнутры краіны для абароны яе незалежнасці, у тым ліку і
энергетычнай. На наш погляд, толькі гэта можа забяспечыць
больш цеснае супрацоўніцтва з Еўропай і ўвогуле стратэгічны
еўрапейскі выбар" , – заявіў на прэс-канферэнцыі ў
Менску ініцыятар Еўрапейскага Марша, міжнародны каардынатар
Хартыі’97 Андрэй Саннікаў.
Саннікаў асобна адзначыў ролю Віктара Івашкевіча ў арганізацыі
практычнай працы па падрыхтоўцы Еўрапейскага Марша.
"Звычайна ў таталітарных краінах акцыі апазіцыі –
гэта акцыі супраціву супраць таго, што парушаюцца правы
чалавека, супраць палітычных рэпрэсій, супраць выбарчых
фарсаў. Еўрапейскі Марш – гэта не барацьба з кімсьці, гэта
акцыя, якая можа адкрыць для Беларусі шлях у Еўропу, дзе
наша краіна заўсёды была гістарычна. Перад намі сёння стаіць
пытанне цывілізацыйнага выбару: або мы будзем удзельнічаць
у стварэнні візантыйскай імперыі, або мы будзем інтэгравацца
ў Еўропу. Колькасць беларусаў, якія падтрымліваюць еўрапейскі
выбар, няўхільна расце. Таму я спадзяюся, што акцыю, такую
важную для лёсу Беларусі, падтрымаюць і ўлады", – адзначыў
лідэр руху "За Свабоду!" Аляксандр Мілінкевіч.
"Правядзенне Еўрапейскага Марша з`яўляецца часткай
стратэгіі аб`яднаных дэмакратычных сілаў, і практычна ўсе
суб`екты кааліцыі падтрымалі гэтую акцыю. Жыццё падштурхоўвае
нас да таго, каб "не ляцець на адным крыле", як
адзначыў сам Аляксандр Лукашэнка. Павінна быць збалансаваная
знешняя палітыка і Беларусь, безумоўна, мусіць развіваць
стасункі з Еўропай", – упэўнены лідэр Аб`яднанай грамадзянскай
партыі Анатоль Лябедзька.
“Нават улады сёння зразумелі, што Беларусі неабходна паляпшаць
стасункі з еўрапейскімі краінамі. Еўразвяз сёння прыйшоў
да нашых меж. Еўрапейскі выбар для Беларусі выключна важны.
Лозунгі еўрапейскай інтэграцыі найбольш блізкія беларусам.
У іх ёсць усё для бедных і багатых, для маладых і пажылых.
Гэта еўрапейскі ўзровень жыцця. Еўрапейская адукацыя. Свабода
і дэмакратыя. Спадзяюся, што мы здолеем разам дамагчыся
таго, каб Беларусь стала сябрам Еўрапейскага Звязу”, – сказаў
каардынатар Еўрапейскай кааліцыі, старшыня аргкамітэта Беларускай
сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч.
Еўрапейскі Марш пройдзе пад лозунгамі: "Выкананне
12-ці прапаноў ЕЗ – гарантыя эканамічнай і энергетычнай
бяспекі Беларусі", "За свабоду! За Беларусь!",
"За еўрапейскія каштоўнасці!", "Дыялог улады
і апазіцыі – умова дынамічнага развіцця краіны", "За
Еўрапейскую Беларусь!", "Еўрапейскім цэнам – еўрапейскія
зарплаты".
Заяўнікамі акцыі сталі старшыня аргкамітэта Еўрапейскага
Марша, намеснік Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, удзельнік грамадзянскай
кампаніі "Джынс за Свабоду!" Яўген Афнагель, лідэр
Партыі БНФ Вінцук Вячорка, лідэр Аб`яднанай грамадзянскай
партыі Анатоль Лябедзька, старшыня аргкамітэта руху "За
Свабоду!" Аляксандр Мілінкевіч, адзін з лідэраў "Маладога
Фронту", удзельнік Еўрапейскай кааліцыі Зміцер Хведарук.
Правядзенне Еўрапейскага Марша падтрымалі: Еўрапейская
кааліцыя, Партыя БНФ, рух "За Свабоду!", аргкамітэт
Хартыі’97, грамадзянская кампанія "Джынс за Свабоду!",
"Малады Фронт", Аб`яднаная грамадзянская партыя,
аргкамітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная
Грамада), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада),
Партыя камуністаў Беларуская, арганізацыя "Вольная
Моладзь", аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу, аргкамітэт
"Беларускай хрысціянскай дэмакратыі", шматлікія
прадпрымальніцкія і грамадскія арганізацыі.
Віктар Івашкевіч паведаміў таксама пра стварэнне перамоўнай
групы, якая будзе весці дыялог з уладамі з нагоды правядзення
Еўрапейскага Марша. У перамоўную групу ўвайшлі заяўнікі
акцыі, а таксама міжнародны каардынатар Хартыі’97, былы
намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саннікаў,
Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар, былы міністр знешнеэканамічных
сувязяў Міхаіл Марыніч, намеснік старшыні Партыі БНФ, прафесар
Юры Хадыка і экс-кіраўнік Нацбанку РБ, прафесар Станіслаў
Багданкевіч.
Нататка Хартыі’97: Беларускія службоўцы апошнім часам
часта робяць заяву пра неабходнасць інтэграцыі Беларусі
ў еўрапейскія структуры. Так, спецпасланнік беларускага
МЗС Сяргей Гайдукевіч заявіў, што Беларусь не павінна адмаўляцца
ад інтэграцыі ў любыя еўрапейскія структуры, а амбасадар
Беларусі ў Польшчы Павел Латушка, як піша газета "Zycie
Warszawy", заявіў, што Беларусь праз 10 гадоў стане
сябрам Еўразвяза.
Хартыя`97
|