|    Сёньня сталі вядомыя імёны журналістаў, 
                      якія ў гэтым годзе атрымаюць журналісцкую прэмію ймя Зьмітра 
                      Завадзкага «За мужнасьць і прафэсыяналізм». Ляўрэатамі сталі: 
                      Генадзь Барбарыч (газэта «Белорусы и рынок»”), Анатоль Гатоўчыц 
                      (БелаПАН, «Народная воля», Гомель) і Натальля Макушына (радыёжурналіст, 
                      Гародня). 
                    Уручэньне Прэміі прызначана 10 верасьня 2007 году ў Беларусі. 
                    Прэмія зьяўляецца ўзнагародай за прафэсыйную мужнасьць 
                      і барацьбу за свабоду слова. 
                    Прэмія была заснаваная ў 2001 годзе, праз год пасьля выкраданьня 
                      ў Менску беларускага апэратара Зьмітра Завадзкага, па ініцыятыве 
                      журналістаў Першага каналу (Расея), якія працавалі са Зьмітром, 
                      паважалі і любілі яго. Журналісты прапанавалі кожны год 
                      уручаць прэмію за мужнасьць і прафэсыяналізм беларускім 
                      журналістам. Гэтую ідэю падтрымалі гэнэральны дырэктар тэлеканалу 
                      Канстанцін Эрнст і Беларуская асацыяцыя журналістаў. За 
                      мінулыя гады прайшло пяць цэрэмоніяў узнагароджваньня й 
                      Прэмія была ўручаная 20 лепшым беларускім журналістам, апэратарам, 
                      фотакарэспандэнтам і незалежным выданьням. У 2006 годзе 
                      да прэміі далучылася заснаваная напрыканцы 2005 году Фундацыя 
                      ймя Зьмітра Завадзкага, якая заснавала грашовае ўзнагароджаньне 
                      лепшым беларускім журналістам. 
                    У гэтым годзе адбудзецца шостая цырымонія ўручэньня Прэміі 
                      ймя Зьмітра Завадзкага. 
                      
                    DZF 
                     
                     
                     
					 
					   
                     
                     
                     |