Канцэрт «Салідарныя з Беларуссю» адбудзецца ў Варшаве

19.03.2008

30 сакавіка ў Варшаве адбудзецца канцэрт «Салідарныя з Беларуссю». У канцэрце прымуць удзел як беларускія, так і польскія зоркі року і поп-музыкі, якія выканаюць вядомыя ў сваіх краінах хіты ў новых, двухмоўных аранжыроўках.

У гэтым годзе канцэрт пройдзе пад лозунгам: беларуская мова — мова беларусаў. Галоўная задача арганізатараў канцэрта — звярнуць увагу на праблему занядбання беларускай мовы: закрыццё беларускамоўных газетаў, беларускамоўных школаў, панаванне расійскай мовы на вуліцах і ў разнастайных установах. Таму 30 сакавіка Варшава загаворыць па-беларуску!

Канцэрт будзе транслявацца ў жывым эфіры незалежнага тэлеканала «Белсат», а таксама Еўрапейскага Радыё для Беларусі і радыё Рацыя.

«Хочам каб беларусы ведалі пра гэты канцэрт і пра тое, што мы палякі неабыякавы да таго, што адвываецца ў нашых суседаў — беларусаў» — сказалі арганізатары.

Гэта ўжо трэці канцэрт «Салідарныя з Беларуссю». У 2006 годзе канцэрт быў своеасаблівай падтрымкай для беларускай апазіцыі перад прэзідэнцкімі выбарамі, а ў 2007 годзе палякі дэманстравалі сваю салідарнасць з беларусамі 25-га сакавіка — у Дзень Волі. Штогод канцэрты збіраюць некалькі тысячаў чалавек, неабыякавых да Беларусі.

Аўтар ідэі канцэрту — ініцыятыва «Вольная Беларусь». Гэта арганізацыя, якая гуртуе вакол сябе маладых людзей, зацікаўленых у дэмакратычных пераменах у Эўропе. Гэтая група спантанна паўстала падчас украінскай рэвалюцыі, арганізуючы пікеты і маніфестацыі падтрымкі для прэзідэнта Юшчанкі ў Польшчы, а потым удзельнічаючы ў Польскай Місіі Назіральнікаў у Харкаўскім рэгіёне падчас паўторнага 2-га туру прэзідэнцкіх выбараў. Ад канца 2005 годa галоўным кірункам дзейнасці Ініцыятывы з'яўляецца падтрымка беларускай апазіцыі. Акрамя штогадовых канцэртаў, таварыства рэалізуе праекты дапамогі беларускай дэмакратычнай супольнасці.

Больш інфармацыі: www.solidarnizbialorusia.pl