Былы дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман працуе на пасадзе пасла па асаблівых даручэннях.
Аб гэтым «Народнай волі» паведаміў прэс-сакратар Савета бяспекі Вікенці Ключнік.
Паводле словаў Ключніка, працоўны кабінет Шэймана знаходзіцца ўсё ў тым жа будынку Адміністрацыі прэзідэнта на вуліцы Карла Маркса, 38. І на працу ён, як і іншыя памочнікі, ходзіць кожны дзень.
Якія канкрэтна даручэнні давераныя Шэйману, Вікенці Ключнік не ўдакладніў. Акрамя таго, Віктар Шэйман па-ранейшаму курыруе венесуэльскі накірунак.
Нагадаем, што Віктар Шэйман быў зняты з пасады дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандрам Лукашэнкам пасля таго, як у Менску падчас афіцыйнага Дня незалежнасці грымнуў выбух.
Віктар Шэйман нараўне з іншымі высокапастаўленымі беларускімі чыноўнікамі падазраецца міжнароднай супольнасцю ў выкраданнях і забойствах лідэраў беларускай апазіцыі і журналіста. Яму забаронены ўезд у краіны Еўразвяза.
Народная воля
|