Сёння з ваўкавыскім прадпрымальнікам Мікалаем Аўтуховічам у СІЗА на Валадарскага бачыўся ягоны адвакат Павел Сапелка. Аўтуховіч перадаў, што распачынае бестэрміновую галадоўку пратэсту. 
					Патрабаванні — хутчэйшае завяршэнне следства ці змяненне меры стрымання яму, а таксама Юрыю Лявонаву і Ўладзіміру Асіпенку. 
					Па словах Паўла Сапелкі, следства па справе падоўжаная да 5 траўня. «Стан здароўя не вельмі добры. Скардзіцца на сэрца, баляць вочы», — кажа П.Сапелка. Нядаўна Аўтуховіча перавялі ў больш прасторную камеру, дзе знаходзіцца толькі чатыры чалавекі. 
					    Галадаць для Аўтуховіч не ў навінку. Падчас свайго першага арышту, у 2005 годзе былы афганец правёў рэкордную 74-дзённую галадоўку за кратамі, у час якой страціў 40 кілаграмаў вагі.  
					Пасля той акцыі пратэсту ваўкавысца выпусцілі пад хатні арышт. 
					Нагадаем, што Мікалай Аўтуховіч разам з сваімі паплечнікамі Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам быў арыштаваны 8 лютага. Іх падазраюць у падпалах маёмасці мясцовых чыноўнікаў. 
					Сёння а 18:00 гадзіне ў Мінску на Кастрычніцкай плошчы адбудзецца акцыя салідарнасці з арыштаванымі. 
					  
					Наша Нiва 
					 
					    
					 
					 
					 
					 
					 |