Эўрапейскі парлямэнт 12 студзеня правядзе пазачарговае пасяджэньне па сытуацыі ў Беларусі. 
"Важна, каб пасьля гвалту, які адбыўся ў Беларусі, мы працягнулі ціск на ўрад Лукашэнкі на вышэйшым узроўні", — цытуе старшыню Эўрапарлямэнту Ежы Бузэка прэс-служба гэтай эўраструктуры. 
                    Па словах Бузэка, Эўрапарлямэнт разгледзіць ход і наступствы прэзыдэнцкіх выбараў, у тым ліку празьмернае і непрапарцыйнае ўжываньне сілы беларускімі ўладамі, зьбіцьцё і затрыманьне апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, гвалт у дачыненьні да журналістаў і актывістаў грамадзянскай супольнасьці. 
                    "Таксама мы абмяркуем магчымасьць далейшых рэакцый з боку Эўразьвязу", адзначыў Бузэк. 
                    Пытаньне пра магчымыя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі будзе ўключанае ў парадак дня пасяджэньня, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Эўрапарлямэнту. 
                    Рашэньне правесьці пазачарговае сумеснае пасяджэньне па сытуацыі ў Беларусі было прынята па выніках кансультацый Бузэка з кіраўнікамі шэрагу парлямэнцкіх камітэтаў і дэлегацый. У пасяджэньні возьмуць удзел прадстаўнікі камітэту Эўрапарлямэнту па замежных справах, падкамітэту па правах чалавека, дэлегацый Эўрапарлямэнту па сувязях з "Эўранэст" і Беларусьсю. 
                    Акрамя таго, Эўрапарлямэнт плянуе запрасіць на паседжаньне шэраг лідэраў беларускай апазыцыі. 
                    Бузэк заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць палітычных зьняволеных і спыніць гвалт. 
                     
                  Радыё Свабода                                        |