Святлана Завадская: Падобныя суды ў нас яшчэ наперадзе

30.01.2013

Былы начальнік дэпартамента крымінальнага вышуку МУС Украіны Аляксей Пукач прысуджаны да пажыццёвага зняволення за забойства ў 2000 годзе журналіста Георгія Гангадзэ. Такое рашэнне прыняў Пячорскі суд Кіева. У апошнім слове пасля абвяшчэння прысуду Пукач заявіў, што будзе згодны з прысудам толькі тады, калі побач з ім на лаве падсудных будуць былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма ды былы спікер Вярхоўнай Рады Украіны Уладзімір Літвін.

Паводле следства, прычынай забойства Георгія Гангадзэ сталі артыкулы пра карупцыю ў найвышэйшых эшалёнах украінскай улады, якія ён публікаваў у заснаваным ім інтэрнэт-выданьні "Украінская праўда".

Я з нецярпеннем чакала прысуду па справе Гангадзэ, зазначыла жонка зніклага беларускага аператара Змітра Завадскага Святлана.

Святлана Завадская:

— Я вельмі рада за саму краіну, што гэта стала магчымым. Змяніліся прэзідэнты — Юшчанка, Януковіч. І ўсё такі гэта справа даведзена да лагічнага завяршэння. Хаця, канешне, родныя Гангадзэ кажуць пра тое, што яшчэ не ўсе вінаватыя адказалі за гэтае злычынства. Але ўсё ж такі нешта. Хацелася, канешне, каб і ў нас было магчымае такое. Усё залежыць ад улады. Калі зменіцца гэтая ўлада, мы нешта будзем ведаць.

Крымінальныя справы па фактах знікнення беларускіх палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і тэлеаператара Змітра Завадскага афіцыйна працягваюцца, аднак яны могуць быць афіцыйна закрытыя праз 15 гадоў ад моманту знікнення з-за заканчэння тэрміну даўнасці. У датычнасці да знікненняў у Беларусі таксама як ва Украіне падазраюцца высокапастаўленыя сілавікі.