Алег Алкаеў выдаў кнігу пра «расстрэльную каманду» ў Беларусі

03/01/2006

Былы начальнік менскага сьледчага ізалятара Алег Алкаеў напісаў у эміграцыі ў Нямеччыне кнігу, прысьвечаную справам зьніклых беларускіх апазыцыянэраў Юрыя Захарынкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага.

Кніга Алега Алкаева называецца «Расстрэльная каманда». Аўтар дзеліцца з чытачамі вядомымі яму фактамі пра палітычныя зьнікненьні ў Беларусі, а таксама выкладае свае думкі пра захаваньне ў Беларусі сьмяротнага пакараньня. Вось што Алег Алкаеў распавёў пра абставіны выхаду ў сьвет сваёй кнігі:

(Алкаеў: ) «Выйшла кніга ў выдавецтве «Партызан», а дзе гэтае выдавецтва дакладна, я ня ведаю. Магчыма, у Маскве, а можа, тут, у Нямеччыне, ці ў Амэрыцы — ня ведаю. Наклад мусіў быць 5 тысяч, такую дамову складалі».

Напрыканцы 1990-х гадоў Алег Алкаеў служыў начальнікам Менскага сьледчага ізалятару на вуліцы Валадарскага, дзе дагэтуль выконваюць сьмяротныя прысуды. У 2000 годзе Алкаеў абнародаваў зьвесткі пра тое, што да яго зьвярталіся пэўныя высокія чыноўнікі й вайскоўцы ў справе законных расстрэлаў — але Алкаеў мяркуе, што тыя звароты маглі быць зьвязаны з забойствамі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Раней гэтыя зьвесткі Алкаеў выклаў у службовым рапарце. Ягоны рапарт дапамог сьледчым пракуратуры выйсьці на выканаўцаў выкраданьняў палітыкаў і на іх арганізатараў, але сьледзтва нечакана прыпынілі, падазраваныя засталіся на волі, а Алег Алкаеў мусіў зьехаць зь Беларусі і папрасіць палітычнага прытулку.

А.Алкаеў дагэтуль перакананы, што сьледчыя выйшлі на сапраўдных злачынцаў, і што ў выпадку зьмены ўлады ў Беларусі справы зьніклых можна будзе завяршыць за некалькі дзён. Гэта Алег Алкаеў паўтарыў сёньня і для Радыё Свабода.

(Алкаеў: ) «Мяркую, два-тры дні, ня болей, хопіць для высьвятленьня ўсяго. Бо вядомыя людзі, у якіх можна спытацца пра пэўныя рэчы, што і як. І спытацца — нармальна, пры адвакатах. Да таго ж, ёсьць і сьведкі, якія не зламаліся і гатовыя пацьвердзіць, што казалі раней. Таму ня болей за два-тры дні будзе весьціся гэтае сьледзтва».

Нагадаю, паводле розных зьвестак, падазраванымі ў справах зьніклых нібыта былі былы міністар унутраных справаў Юры Сівакоў, камандзір брыгады спэцыяльнага прызначэньня ўнутраных войскаў Зьміцер Паўлічэнка, былы генэральны пракурор Віктар Шэйман ды некаторыя іншыя. Юры Сівакоў неаднаразова называў хлусьнёй зьвесткі пра ягоную датычнасьць да справаў зьніклых. Адмаўляліся размаўляць на гэтую тэму з журналістамі Зьміцер Паўлічэнка і Віктар Шэйман — вядома, што яны ня лічаць сябе вінаватымі.

Я спытаўся ў Алега Алкаева, ці не баіцца ён, што яму і ў Нямеччыне адпомсьцяць тыя, каго ён называе злачынцамі? Алег Алкаеў адказаў прымаўкай «Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць» і выказаў меркаваньне, што гэтыя людзі цяпер напалоханыя больш за іншых.

(Алкаеў: ) «Пакараньне іх чакае ў любым выпадку. Яны ніякія ня сьведкі, а саўдзельнікі. Нават калі імі цяпер падатруцца, іх чакае пакараньне. Пры гэтым, канечне, кожны зь іх зьяўляецца кампраматам у выглядзе асабістых прызнаньняў».

Нагадаем, у траўні 1999 году бясьсьледна зьнік былы міністар унутраных справаў, адзін зь лідэраў тагачаснай апазыцыі Юры Захаранка; праз паўгода гэткі ж лёс напаткаў намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара і ягонага сябра, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, які падтрымліваў апазыцыю. Яшчэ праз год зьнік апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі. Шмат хто ў Беларусі, разам з Алегам Алкаевым, лічаць, што зьнікненьні гэтых людзей на сумленьні кіраўніцтва краіны, аднак гэта не было даказана. Пры гэтым розныя міжнародныя структуры адзначаюць, што ўлады Беларусі не спрыяюць высьвятленьню ўсіх магчымых вэрсіяў выкраданьня апазыцыянэраў.

Радыё Свабода