Як Гараўскі праходзіў праз «дэтэктар хлусьні» дачкі Юрыя Захаранкі

03/03/2020

Руку не працягнула, нумар тэлефону не ўзяла. Пасьля 2-гадзіннай размовы з былым байцом СОБРу Юрыем Гараўскім у Цюрыху Алена Захаранка ня мае ніякіх сумневаў, што ён 20 гадоў таму удзельнічаў у выкраданьні і забойстве яе бацькі, былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі.​

17 лютага Deutsche Welle паказала 16-хвілінный сюжэт пра іх сустрэчу, якая доўжылася дзьве гадзіны. Алена, якая ў Беларусі скончыла Акадэмію МУС, кажа, што выпрабавала Гараўскага на сваім «дэтэктары хлусьні». Алена падзяліліся з Свабодай падрабязнасьцямі і ўражаньнямі, а таксама тым, што не ўвайшло ў сюжэт DW.

Сьцісла

  • Гараўскаму дрэнна гэтак жа, як і мне. Ён зрабіў памылку, за якую будзе адказваць усе сваё жыцьцё.
  • За некалькі дзён да выкраданьня бацька зьвярнуўся ў АБСЭ па дапамогу для сябе і сям’і.
  • Мне важна было ведаць, колькі часу бацька заставаўся жывы, колькі яго трымалі ў машыне, як стралялі, што адчуваў саўдзельнік злачынства ў гэты момант.
  • Узяць нумар тэлефону ў Гараўскага было б амаральна.
  • Ніякага працягу ня будзе, пакуль ва ўладзе знаходзіцца замоўца злачынства.
  • Людзі, якія давалі прысягу… Можна не сумнявацца, што на загад «фас» яны будуць страляць у сваіх мацярок і дзяцей, у сваіх суседзяў гэтак жа, як і Гараўскі.

«Я не магу яго ацэньваць як злачынцу»

— Алена, я некалькі разоў уважліва паглядзела сюжэт Deutsche Welle. Там не было паказала, як Юры Гараўскі просіць у вас прабачэньня. Ці гэта ня трапіла ў канчатковую вэрсію? Ці прасіў Гараўскі прабачэньня?

— У гэтым не было неабходнасьці. Я гэта чытала ў ягоных вачах. Ня ведаю, у якой ступені я магу яго асуджаць. Ён працаваў у афіцыйнай дзяржаўнай структуры. Тады яму было 20 гадоў. Яму даваў загад не крымінальны элемэнт, а афіцэр, чалавек, на якога, як ён думаў, трэба раўняцца, які атрымаў пагоны за свае заслугі перад радзімай. Гэтым хлопцам гаварылі пра патрыятызм, казалі, што трэба вызваляць дзяржаву ад непатрэбных элемэнтаў. Тое, што ён цяпер думае… Гэта ён зразумеў за ўсё сваё жыцьцё.

Я не магу яго ацэньваць як злачынцу. Яму дрэнна гэтак жа, як і мне. Ён зрабіў памылку, за якую будзе адказваць усе сваё жыцьцё. Ці будзе ён яшчэ нечаму радавацца ў жыцьці? Ня ўпэўненая.

— Уяўляю, як вам было цяжка, але вы прыехалі на сустрэчу сабраная, падрыхтаваная, з дакладным плянам размовы. Што адбывалася гэтыя дзьве гадзіны? Што ня трапіла ў канчатковую вэрсію?

— Гэта было вельмі цяжка для мяне. Я магу параўнаць гэта са станам перад увядзеньнем наркозу. Я мусіла ўвайсьці ў гэты стан, бо толькі празь яго я магла быць з маім татам у апошнія хвіліны, падзяліць ягоны боль і ягоныя думкі. Мы пачалі з самага пачатку, ад сачэньня. Я ўдакладняла факты. Прайшло 20 гадоў, і ён, вядома, ня ўсё мог вельмі дакладна аднавіць у памяці.

Але я магла пабачыць рэакцыю, прачытаць на ягоным твары, ці ён прыдумвае, ці проста нешта аднаўляе ў памяці. Адказваючы на пытаньне, ува што быў адзеты мой бацька, ён ужо ня мог апісаць дакладны колер ці памер, але ён сказаў, што на ім не было спартовага адзеньня. Ён сказаў, зь якога матэрыялу і якой даўжыні была ягоная куртка. Гэтыя рэчы маглі ведаць людзі, якія знаходзіліся зь ім у апошнюю хвіліну.

Як Гараўскі праходзіў «дэтэктар хлусьні» Алены Захаранкі

— Вы казалі, што вы самі — дэтэктар хлусьні для Гараўскага. У мінулым вы — супрацоўніца міліцыі, закончылі Акадэмію МУС. Я зьвярнула ўвагу на тое, як прафэсійна вы задавалі пытаньні. Як ён прайшоў ваш дэтэктар хлусьні? Ці вы яму цалкам верыце?

— Калі я ехала на сустрэчу з Юрыем Гараўскім, я крыху сумнявалася, мне быў патрэбны час, каб высьветліць праўду. Цяпер я веру яму на 100%. У мяне няма ніякага сумневу ў тым, што ён казаў чыстую праўду, што ён удзельнічаў у выкраданьні і забойстве майго бацькі. Я гэта магла вызначыць ня толькі па адказах на пытаньні, якія я яму задавала, я гэта адчувала сваім сэрцам. Я зазірнула празь ягоныя вочы ў ягоную душу. Каб высьветліць праўду, мне трэба было яго пабачыць.

Ён падаваў факты, якія мог ведаць толькі чалавек, які быў у апошнія хвіліны з забітым. Ён мне расказаў у дэталях пра ўсё, што адбывалася з маім бацькам. Я адчувала, што бацька думаў у гэты момант, як яму было балюча, калі яму выкручвалі рукі, як ён сядзеў у гэтай машыне, што ён адчуваў гэтыя 40 хвілінаў — да таго, як у яго стрэлілі. Усё гэта я перажыла за тыя дзьве гадзіны.

Стану свайго бацькі перад выкраданьнем я ня ведала. Ён нам не расказваў, пра што думае, што зь ім адбывалася, бо не хацеў нас турбаваць. За 2 месяцы да трагічных падзеяў бацька чамусьці адзеў на сябе крыж, якога ніколі ў жыцьці не насіў. Хацеў, напэўна, абараніць сябе нейкаю трэцяю сілаю. Я толькі нядаўна даведалася, што за некалькі дзён да выкраданьня ў сувязі зь перасьледам ён зьвярнуўся ў АБСЭ, расказаў пра сытуацыю і прасіў дапамогі для сябе і сямʼі.

Ён не прыйшоў у дзяржаўныя органы, не папрасіў абароны ў праваахоўных органаў, каб яны нешта зрабілі. Ён прыйшоў у незалежную міжнародную арганізацыю. Хто за ім сачыў, ён ведаў абсалютна дакладна ўжо тады. Як мне сказаў Юры Гараўскі, пасьля стрэлу яго адвезьлі ў крэматорый, і той, хто страляў у бацьку, выканаўца злачынства, выйшаў з крэматорыю з маленькім пакетам. У гэтым пакеце была яшчэ была ягоная душа і гэты расплаўлены крыж. Я перакананая, што гэта стане праклёнам для забойцаў ды іхных нашчадкаў на шмат гадоў.

«Гараўскі не зьбіраецца хавацца ад праваахоўных органаў»

— Чаму вы адмовіліся ўзяць нумар тэлефону Гараўскага, калі ён гэта вам прапанаваў?

— Гэта ж амаральна. Мы б не змаглі зь ім кантактаваць. Паміж намі ўвесь час аднаўляліся б тыя падзеі. Гэта проста бессэнсоўна і ні да чаго б прывяло. Гэтыя падзеі і так будуць суправаджаць мяне да канца жыцьця — размова з Гараўскім, страшны працэс зьнішчэньня майго бацькі, усе гэтыя падзеі, якія многім беларусам падаюцца дэтэктывам. А гэта ўсё адбывалася са мной у маёй краіне.

Гараўскі не зьбіраецца хавацца ад праваахоўных органаў за мяжой. Тое, што ён ня можа і ня будзе даваць паказаньні ў Беларусі, абсалютна нармальна. Як ён выказаўся, перасячы мяжу дапамог Бог і ягоныя сябры. Улады, напэўна, шкадуюць, што гэта дапусьцілі. Доўга будуць шкадаваць. Калі ён вернецца ў Беларусь, мы можам здагадвацца, што зь ім адбудзецца ў гэтай дзяржаве.

— Ці ён у бясьпецы цяпер?

— Я спадзяюся, што так. Ён атрымаў пэўны статус і цяпер у большай бясьпецы, чым раней.

«Калі я зайшла, ён ня мог глядзець мне ў вочы»

— Падчас сустрэчы вы руку яму працягвалі? Паціскалі?

— Не. Вядома, не. Спачатку калі я зайшла, ён ня мог глядзець мне ў вочы. Потым, калі я пачала размову, стаў раскрывацца, расказваць пра тое, што адбывалася. Калі б я была першапачаткова да яго агрэсіўна настроеная, у нас бы не было б ніякага дыялёгу, і ніякай інфармацыі я б не атрымала.

— Я бачыла сьлёзы ў вас на вачах. А ў яго?

— У яго было 20 гадоў пра гэта думаць. Ён жа мужчына і ня будзе паказваць свае эмоцыі так, як я магла паказаць. Вядома, ён хацеў бы іншага лёсу, хацеў бы быць са сваёй сямʼёй і ведаць пра гэтыя падзеі, як і іншыя беларусы, са СМІ. Але так атрымалася, што менавіта ён аказаўся ўцягнуты, і дарогі назад у яго няма.

«Маці і сястра ня ведалі, што я паеду на сустрэчу з Гараўскім»

— Што маці, сястра, сын сказалі пасьля таго, што як вы сустрэліся з Гараўскім?

— Яны ня ведалі, што я паеду. І цяпер яны не глядзелі і не чыталі. Гэта было мае асабістае рашэньне. Я мусіла сама на гэта пайсьці. Мне было нялёгка, я абдумвала гэты крок доўгі час. Маці была ў вельмі цяжкім стане пасьля выкраданьня бацькі, яна не хацела зноў увайсьці ў такі стан. Яна месяцамі поўзала па падлозе, крычала ягонае імя. Яна выбягала на балькон, разрэзаўшы шклом сабе вены. Яна такога больш ня вытрымае.

Я гэта зрабіла для сябе. Мне трэба было выявіць праўду. Я потым сабе ніколі б не даравала, калі б прапусьціла такі шанец. Мне трэба было даведацца ўсё ад пачатку да канца. Мне важна было ведаць, колькі часу ён заставаўся жывы, колькі яго трымалі ў машыне, калі яму надзелі на галаву мяшок, калі яго кінулі на зямлю, як стралялі, што адчуваў саўдзельнік злачынства ў гэты момант. Я ад гэтага пакутавала цягам 20 гадоў.

— Што далей?

— Ніякага працягу ня будзе, пакуль ва ўладзе знаходзіцца замоўца злачынства. Я згадваю, як тата мне казаў, што ён і пасьля сьмерці будзе небясьпечны для таго чалавека. «Словы першага прэзыдэнта павінны быць напісаныя залатымі літарамі, а словы гэтага будуць напісаны крывёй» — гэта словы майго бацькі.

— Як вы ацэньваеце рэакцыю беларускага грамадзтва на прызнаньні Гараўскага, чалавека, які прызнаўся ў саўдзеле ў забойстве, які называе канкрэтныя імёны, месцы, дэталі? У сеціве шмат розных рэакцыяў было, у тым ліку недаверу і сумневаў у словах Гараўскага.

— Яны вераць хлусьні і правакацыям з боку дзяржавы. Тыя, хто ня вераць, павераць вельмі хутка сфальсыфікаванай крымінальнай справе, якая зьявіцца перад выбарамі. Гэтая катэгорыя людзей, якія сумняюцца… На жаль, вельмі многія людзі больш перажываюць, калі на твары зьяўляюцца прышчы, а не за сьмерць суседа. Іх гэта не цікавіць. Або ёсьць толькі нейкі спартовы інтарэс да самога факту.

Я пражыла 20 гадоў у Нямеччыне. Для мяне ўсё, што цяпер адбываецца на беларускай палітычнай арэне, чужое, далёкае і прымітыўнае. У які бок разьвіваецца беларускае грамадзтва, залежыць ад яго самога. Людзі, якія давалі прысягу абараняць сваю дзяржаву… Можна не сумнявацца, што на загад «фас» яны будуць страляць у сваіх мацярок і дзяцей, у сваіх суседзяў гэтак жа, як тое зрабіў Гараўскі.