Ірына Халіп: «У Страсбуры цікавасьць да Беларусі надзвычайная»

25/01/2006

Сярод прадстаўнікоў мэдыяў, якія беспасярэдне сочаць за падзеямі на Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, якая праходзіць у гэтыя дні ў Страсбуры, ёсьць і беларуская журналістка Ірына Халіп. Мы зьвязаліся зь ёю і папрасілі выказаць свае ўражаньні ад таго, што адбываецца ў Страсбуры.

(Халіп:) «Цікавасьць да беларускага пытаньня вельмі высокая. Шчыра кажучы, я не назірала такога нават тады, калі ў 2004 годзе абмяркоўваўся даклад Хрыстаса Пургурыдэса аб зьніклых у Беларусі. Цяпер у кулюарах абмяркоўваюць толькі два пытаньні: дэбаты па Чачні і дэбаты па Беларусі.

Палітычны расклад такі: расейская дэлегацыя рыхтуе сябе на ролю беларускага адваката. Гэта нават прагучала тут два дні таму. Кіраўнік расейскай дэлегацыі Канстанцін Касачоў сказаў, што калі беларускі сьпікер Канаплёў усё ж не прыедзе ў Страсбур, дык тады расейскія дэпутаты будуць мець права размаўляць з трыбуны ад імя Беларусі.

Адзін з заходніх парлямэнтароў спытаў у спадара Касачова, ці можа кіраўнік расейскай дэлегацыі ўзяць асабіста на сябе ролю адваката Лукашэнкі. Касачоў адказаў, што ён можа быць адвакатам не Лукашэнкі, а Беларусі. Тады ў Касачова спыталі пра тое, ці ўпэўнены ён, што Беларусі патрэбныя такія адвакаты, як ён. Расейскі кіраўнік вырашыў скончыць дыскусію.

Такім чынам, ёсьць супрацьстаяньне расейскай дэлегацыі (яна традыцыйна вельмі вялікая) і парлямэнтароў з усіх іншых эўрапейскіх краінаў, якія гатовыя адстойваць дэмакратыю ў Беларусі і вельмі жорсткі падыход Эўропы да таго, што ў Беларусі адбываецца».

Радыё Свабода