Андрэс Хэркель: «Мы маем справу са злачынным рэжымам»

26/01/2006

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыняла рэзалюцыю па Беларусі, у якой выказалася за ізаляцыю рэжыму Аляксандра Лукашэнкі й заклікала падтрымаць дэмакратычную апазыцыю.

Як паведаміў «Свабодзе» спэцыяльны дакладчык па Беларусі эстонскі парлямэнтар Андрэс Хэркель, ён вельмі задаволены рэакцыяй сваіх калегаў у ПАРЭ на ягоную сёньняшнюю справаздачу. Ён заявіў, што таксама добра прайшлі абмеркаваньне і галасаваньне па рэзалюцыі.

(Хэркель: ) «Было крыху крытыкі з боку расейскай дэлегацыі і эўрапейскіх левых, якія сказалі, што ўсё гэта вытрымана ў змрочных танах. Аднак я лічу, што нічога пазытыўнага ў Беларусі апошнім часам не адбылося. Нават назіраецца нэгатыўная тэндэнцыя ў галіне юстыцыі — я маю на ўвазе апошні антыграмадзкі, антыдэмакратычны пакет законаў».

У справаздачы дакладчыка ПАРЭ ўпершыню прагучала прапанова замарозіць замежныя банкаўскія рахункі й актывы беларускага прэзыдэнта. Ці рэальна ажыцьцявіць гэта? — пацікавіліся мы ў спадара Хэркеля.

(Хэркель: ) «Гэта можа быць ажыцьцёўлена, калі Рада Эўропы гэта падтрымае, бо падобныя выпадкі былі раней. Гэта тычылася тэрарыстычных арганізацыяў. Аднак у выпадку з Лукашэнкам мы маем справу са злачынным рэжымам. Я думаю, гэта ўсё адэкватна. На першым чытаньні ў палітычным камітэце была прапанова зьняць гэты пункт, аднак прапанова была ўсё роўна падтрымана большасьцю галасоў».

Паводле спадара Андрэса Хэркеля, у канчатковую рэзалюцыю ўвойдуць некалькі дадатковых прапановаў, зь якімі ў часе дэбатаў выступілі некаторыя парлямэнтары, пераважна сябры камітэту культуры і адукацыі. Адзін зь іх, галяндзкі дэпутат Бэрт Ван Вінзэн, заявіў:

(Ван Вінзэн: ) «Асабіста мае прапановы маюць на ўвазе пашырэньне кантактаў зь Беларусьсю на ўзроўні грамадзянскай супольнасьці. Гэта кантакты розных грамадзкіх групаў — культурніцкіх, студэнцкіх, спартовых. Нават пры байкоце рэжыму Лукашэнкі яны не павінны спыняцца. Я сказаў пра гэта вельмі выразна. І я вельмі задаволены дэбатамі. Мне ўдалося коратка паразмаўляць з прэзыдэнтам ПАРЭ, маім суайчыньнікам, Рэнэ ван дэр Ліндэнам, і ён даў таксама вельмі высокую ацэнку справаздачы. Цяпер мы чакаем рэакцыі з боку Камітэту міністраў, а таксама рэакцыі з боку Рады Эўропы, Эўразьвязу, АБСЭ».

Нашы суразмоўцы мяркуюць, што большасьць краінаў-сябраў Рады Эўропы і іншых эўрапейскіх арганізацыяў маюць падтрымаць гэты дакумэнт.

Радыё Свабода