Беларускае пытаньне будзе ўзьнятае ў Вене на перамовах з Лаўровым

13/02/2006

«Сытуацыя з дэмакратыяй у Беларусі па-ранейшаму застаецца падставай для нашай заклапочанасьці», — заявіла міністар замежных справаў Эўразьвязу і Аўстрыі Ўрсула Пласьнік напярэдадні візыту ў Вену кіраўніка расейскага замежнапалітычнага ведамства Сяргея Лаўрова.

Паводле спадарыні Пласьнік, баромэтрам далейшых дачыненьняў паміж Брусэлем і Менскам стануць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, чыя хада застаецца ў цэнтры ўвагі эўрапейскага кіраўніцтва.

Як перадае аўстрыйскае агенцтва АРА, у часе перамоваў Сяргея Лаўрова з так званай «дыпляматычнай тройкай « Эўразьвязу — Урсулай Пласьнік, Бэнітай Фэрэра-Вальднэр і Хавіерам Салянам — беларускае пытаньне стаіць у адным шэрагу з пытаньнямі ядзернай праграмы Ірану, палестына-ізраільскага канфлікту і расейска-эўрапейскіх дачыненьняў.

Паведамляецца, што «эўрапейская дыпляматычная тройка вельмі заклапочаная станам правоў чалавека ў Беларусі, зь якой Расея нібыта плянуе аб’яднацца».

Паводле аўстрыйскага інфармагенцтва, беларуская тэматыка можа быць таксама абмеркаваная ўжо заўтра, у часе сустрэчы міністра Лаўрова з вышэйшым кіраўніцтвам Аўстрыі, якое старшынствуе ў Эўразьвязу.

Радыё Свабода