«Беларускі дыктатар Аляксандар Лукашэнка працягвае ціск на незалежныя мэдыі і няўрадавыя арганізацыі, узмацняючы кантроль напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў» — такая ацэнка ўтрымліваецца ў сёлетняй штогадовай справаздачы міжнароднай праваабарончай арганізацыі Камітэт абароны журналістаў. З асноўнымі тэзамі разьдзелу, прысьвечанага Беларусі, вас азнаёміць наш карэспандэнт.
У справаздачы Камітэту абароны журналістаў адзначаецца, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць спэцслужбы, пракуратуру, суды, іншыя ведамствы для перасьледу незалежных журналістаў. Летась прадстаўнікі ўлады распачыналі судовыя працэсы, накладалі на журналістаў штрафы, скасоўвалі акрэдытацыі, блякавалі доступ да друкараняў, канфіскоўвалі абсталяваньне, затрымлівалі і запалохвалі журналістаў — гаворыцца ў справаздачы.
Камітэт абароны журналістаў падкрэсьлівае, што два ўплывовыя выданьні «Народная воля» «БДГ» былі практычна разараны штрафамі, якія вылічаюцца дзясяткамі тысячаў даляраў.
У дакумэнце прыводзіцца хроніка перасьледу свабоднага друку ў Беларусі:
Сакавік 2005 году — ператрус у рэдакцыі газэты «Згода»;
Травень — указ прэзыдэнта аб забароне выкарыстоўваць у назвах газэтаў словы «беларускі» «нацыянальны», забарона выдаваць газэту польскай меншасьці «Glos z-nad Niemna», выданьне фальшывай праўрадавай вэрсіі газэты;
Красавік — затрыманьне расейскіх журналістаў — карэспандэнта расейскай вэрсіі «Newsweek» Аляксея Аметава і карэспандэнта «Маскоўскага камсамольца» Міхаіла Раманава;
Чэрвень — указ аб падвышэньні падатку на распаўсюджвальнікаў друку;
Ліпень — разгон маніфэстацыі ў памяць пятай гадавіны зьнікненьня журналіста Зьмітра Завадзкага. Пры гэтым амонавец ударыў у твар жонку Завадзкага Сьвятлану; затрыманьне і кароткатэрміновы арышт рэдактара газэты «Glos z-nad Niemna» Анджэя Пісальніка;
Жнівень — пачатак крымінальнай справы супраць стваральнікаў сатырычных мультфільмаў пра Аляксандра Лукашэнку і іншых урадоўцаў;
Сьнежань — увядзеньне ў крымінальны кодэкс артыкулаў аб адказнасьці за дыскрэдытацыю Беларусі і перадачу сьвядома ілжывай інфармацыі аб эканамічным і палітычным становішчы краіны.
У справаздачы Камітэту абароны журналістаў таксама адзначаецца адсутнасьць прагрэсу ў справе расьсьледаваньня забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай. Сям’я і калегі Чаркасавай лічаць, што прычынай забойства стала прафэсійная дзейнасьць журналісткі, праваахоўныя органы адстойваюць вэрсію асабістых матываў забойства і падазраюць 15-гадовага сына забітай.
Юры Дракахруст
Радыё Свабода