Да акцыі салідарнасьці далучыліся Варшава, Прага, Стакгольм

20/02/2006

З кожным разам геаграфія акцыяў у падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі ў Польшчы і ва ўсёй Эўропе пашыраецца. Сёньня дэманстрацыі, пікеты, мітынгі і канцэрты адбыліся прынамсі ў дзесяці польскіх гарадах. У Варшаве некалькі сотняў пераважна студэнтаў-палякаў, беларусаў, украінцаў сабраліся ў самым цэнтры, на замкавым пляцы і потым зь дзесяткамі бел-чырвоных сьцягоў і транспарантаў, скандуючы «Свабодныя выбары, свабодная Беларусь!», «Беларусь так, Лукашэнка — не!», «Жыве Беларусь», прайшлі па цэнтральных вуліцах сталіцы, прымацаваўшы напрыканцы акцыі на адным з будынкаў вялізны, даўжынёй прынамсі 4 мэтры, бел-чырвона-белы сьцяг, які будзе вісець там да выбараў.

(Кастэлянец: ) «Мы лічым, што такія акцыі маюць вялікае значэньне. Палякі ўсё больш цікавяцца тым, што адбываецца ў Беларусі. Хутка выбары і гэтыя выбары наўрад ці будуць справядлівымі. Мы ня можам застацца абыякавымі і робім усё, што можам».

Увечары ўдзельнікі дэманстрацыі мелі магчымасьць паслухаць канцэрт вядомага беларускага гурту «Нэйра-дзюбель»", які выступіў у Варшаве зь вядомымі польскімі музыкамі.

Падобныя акцыі — пікеты, канцэрты, дэманстрацыі і мітынгі — адбыліся ў Кракаве, Познані, Лодзі ды іншых польскіх гарадах. Пікеты адбыліся ў Бэльгіі, Швэцыі, Чэхіі, Літве ды іншых кранах. Са Стакгольму гаворыць Алесь Ліцьвінчык:

(Ліцьвінчык: ) «Да нас далучыліся швэдзкія сябры зь Лібэральнай партыі. Прамаўлялі палітыкі, а таксама прысутныя беларусы. Гэта ўжо трэці раз акцыя ладзіцца ў Стакгольме».

Арганізатары акцыяў у Эўропе кажуць, што ўжо цяпер пачынаюць падрыхтоўку да дэманстрацыяў празь месяц — напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў эўрапейскія акцыі салідарнасьці зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі павінны быць найбольш моцнымі.


Аляксей Дзікавіцкі
Радыё Свабода