Ператрусы ў актывістаў «Партнэрства»

21/02/2006

Супрацоўнікі КДБ зрабілі ператрус у кватэры лідэра незарэгістраванай арганізацыі «Партнэрства» Міколы Астрэйкі. Апэратыўнікі КДБ забралі кампутары, нататнікі й іншыя носьбіты інфармацыі. Супрацоўнікі КДБ патлумачылі, што распачата крымінальная справа за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Паводле іх, Мікола Астрэйка падазраваны ў гэтай справе.

Сваякам Міколы апэратыўнікі паведамілі, што яго павезьлі на допыт у КДБ. Пры гэтым аддзел інфармацыі не дае ніякай інфармацыі наконт затрыманых іхным сваякам і журналістам.

21 лютага супрацоўнікі ўпраўленьня Камітэту дзяржбясьпекі па Магілёўскай вобласьці правялі ператрус i ў кватэры жыхаркі Магілёва, актывісткі незарэгістраванага аб’яднаньня «Партнэрства» Аксаны Закрэўскай і сканфіскавалі ейную аргтэхніку.

Супрацоўнікі КДБ заявілі, што ператрус праводзіцца паводле крымінальнай справы — абвінавачаньне ў паклёпе на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Аднак яны не патлумачылі, хто праходзіць па гэтай справе і якое дачыненьне да паклёпу мае спадарыня Закрэўская. Абсталяваньне сканфіскавалі, бо падазраюць, што яна мае дачыненьне да публікацыяў, у якіх зьневажаецца прэзыдэнт.

Аксана Закрэўская паведаміла карэспандэнту Радыё Свабода, што «Партнэрства» зьліквідаванае, а сканфіскаваныя кампутары належаць асабіста ёй.

Сёньня ж у Быхаве абшукалі кватэру бацькоў Аляксея Купрэева, яшчэ аднаго актывіста ліквідаванага аб’яднаньня «Партнэрства». Ва ўпраўленьні КДБ адмовіліся камэнтаваць сытуацыю і заявілі, што з часам журналістам усё стане вядома.


Радыё Свабода