Чаму КДБ затрымаў маладых актывістаў і канфіскаваў кампутары?

22/02/2006

Сябры незарэгістраванага грамадзянскага аб’яднаньня «Партнэрства» Цімафей Дранчук, Мікола Астрэйка, Эніра Браніцкая і Аляксандар Шалайка ўтрымліваюцца ў сьледчым ізалятары КДБ. Іх падазраюць у кіраўніцтве арганізацыяй, якая парушае сваімі дзеяньнямі правы і абавязкі грамадзянаў. 21 лютага ў іхных кватэрах апэратыўнікі зрабілі ператрус, забралі кампутары і ўсе носьбіты інфармацыі.

Супрацоўнікі КДБ Беларусі па Берасьцейскай вобласьці правялі ператрус у памяшканьні ініцыятывы «Партнэрства», яны шукалі матэрыялы, якія б мелі дачыненьне да распачатай крымінальнай справы «за паклёп на прэзыдэнта Беларусі». Паводле словаў актывісткі берасьцейскага «Партнэрства» Іны Апанасенкі, супрацоўнікаў КДБ у першую чаргу цікавілі кампутары і дакумэнты, зьвязаныя зь дзейнасьцю гэтай арганізацыі. Сама спадарыня Апанасенка была дапытаная як сьведка паводле заведзенай намесьнікам пракурора Менску Старавойтавым крымінальнай справы на падставе часткі 1 артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу («зьнявага прэзыдэнта»). У яе прыватнай кватэры таксама праведзены ператрус.

Адвакатка Вера Страмкоўская наведала затрыманых актывістаў «Партнэрства». Супрацоўнікі КДБ казалі маці Міколы Астрэйкі, каб яна не чакала адвакатку, бо яна сёньня яе ня ўбачыць.

(Астрэйка: ) «Адваката не дапускалі да сына, але потым у гадзіну прыйшоў афіцэр і павёў. Мы дамовіліся, што я буду яе чакаць. А 15-й гадзіне да мяне падышла супрацоўніца КДБ. Яна спытала маё прозьвішча і паведаміла, што адвакатка прасіла перадаць, каб я яе не чакала, што яна сёньня вельмі занятая і сустрэцца са мной ня зможа. Я не разумею, чаму такая таямніца? Я намагалася перадаць сыну лекі, а яны мне адказалі, што перадачу можна будзе перадаць толькі тады, калі будзе прад’ялена абвінавачаньне».

Адваката Паўла Сапелку, зь якім заключылі дамову сваякі Цімафея Дранчука, на допыт не пусьцілі.

У ордэры, які падпісаў намесьнік гарадзкога пракурора Мікалай Старавойтаў яшчэ 16 лютага, было пазначана, што ўсе мерапрыемствы ладзяцца ў межах крымінальнай справы, якую распачалі за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Супрацоўнікі КДБ паказалі паперу, згодна зь якой справу вядзе сьледчы ў асабліва важных справах Зьміцер Шкарбута.

Сьледчы паведаміў Радыё Свабода, што затрыманых дапытваюць па крымінальнай справе, распачатай за распаўсюд мультфільмаў палітычнага зьместу ў Інтэрнэце.

(Шкарбута: ) «Наагул, нікога не затрымліваў. Нікога не арыштоўваў. Справа, якая яшчэ тады была распачатая за мультфільмы. Ну, відаць, ёсьць нейкая сувязь».

Сьледчы Зьміцер Шкарбута паведаміў, што ніякіх распараджэньняў наконт затрыманьня Цімафея Дранчука, Міколы Астрэйкі, Эніры Браніцкай і Аляксандра Шалайкі ён не даваў. Тое, што іх падазраюць у парушэньні іншага артыкулу Крымінальнага кодэксу ў справе, якую ён расьсьледуе, сьледчы ня ведаў.

Сябры незарэгістраванай арганізацыі «Трэці шлях», супраць якіх распачата справа за паклёп на Аляксандра Лукашэнку, кіраўнік ініцыятывы «Свабоду палітвязьням» Ігар Марыніч, а таксама актывісты альянсу «Майдан» і аб’яднаньня «Наша Беларусь» прынялі зварот у абарону сяброў «Партнэрства» — арганізацыі, якая займаецца выключна назіраньнем за выбарамі. Яны патрабуюць, каб беларускія ўлады вызвалілі затрыманых, і заклікалі грамадзкасьць праявіць салідарнасьць з палітвязьнямі.

Дэпутат Эўрапарлямэнту Алдзіс Кушкіс, намесьнік старшыні Парлямэнцкай дэлегацыі ў стасунках зь Беларусьсю, заклікае палітыкаў Эўразьвязу і ЗША абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі. Сытуацыю зь ператрусамі і затрыманьнямі актывістаў «Партнэрства» ў часе выбарчай кампаніі дэпутат называе адкрытымі рэпрэсіямі супраць грамадзянскай супольнасьці. Алдзіс Кушкіс заклікае адказных асобаў Эўразьвязу і ЗША заявіць беларускім уладам, што такія дзеяньні не застануцца незаўважанымі і вінаватыя будуць пакараныя.

Радыё Свабода