Як наагул яны ацэньваюць фармулёўку артыкулу 193 Крымінальнага кодэксу, згодна зь якой затрымалі Міколу Астрэйку, Цімафея Дранчука і Аляксандра Шалайку?
Дырэктар расейскага Інстытуту правоў чалавека, кіраўнік праграмы «Перасьлед з палітычных матываў у краінах СНД» Валянцін Гефтэр выказаў наступнае меркаваньне:
(Гефтэр: ) «Мне незразумела, навошта трэба аддзяляць арганізацыі, якія прайшлі рэгістрацыю, і якія не прайшлі рэгістрацыю. Ёсьць яшчэ там так званая «гумавая частка» — іншыя дзеяньні, замах на правы і свабоды. Гэта, безумоўна, неправавая формула, пад якую можна падставіць усё што заўгодна. Гэтая формула ва ўмовах беларускага рэжыму можа выкарыстацца супраць любога няўгоднага».
Гаворыць старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Праваабарончы альянс», зарэгістраванага ў Вільні, Людміла Гразнова:
(Гразнова: ) «Перш-наперш, гэта страх рэжыму за сваю будучыню, улады ня ўпэненыя, што яны змогуць захавацца ля стырна ўлады на доўгі час, і таму яны ўсё робяць, каб запалохаць актывістаў апазыцыі, перш за ўсё моладзевых лідэраў. Яны ў нас ёсьць, гэтыя героі, яны сядзяць цяпер у пастарунках, у сьледчым ізалятары КДБ. І трэба ведаць іх імёны, бо толькі тады, калі людзі будуць ім спачуваць, мы нешта зможам зрабіць».
Меркаваньне намесьніка старшыні рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі Хэльсынскі камітэт» Гары Паганяйлы:
(Паганяйла: ) «У прававой дзяржаве падобныя крымінальныя дэлікты наагул не павінны мець месца ў Крымінальным кодэксе. Гэта не злачынныя дзеяньні: выказваньне свайго стаўленьня, крытыкі. Гэта нармальная апазыцыйная дзейнасьць. Сёньня гаворка ідзе выключна пра падаўленьне іншадумства любымі спосабамі і дзеяньнямі. Усё забараняецца. Выбарчая кампанія праходзіць ва ўмовах нагнятаньня страху».
Радыё Свабода