Эўракамісія абвясьціла пра запуск беларускага мэдыя-праекту

23/02/2006

Сёньня ў Брусэлі ў офісе Эўрапейскай камісіі афіцыйна абвясьцілі пра старт 26 лютага мэдыйнага праекту Эўрапейскай камісіі «Акно ў Эўропу», які ўключае радыё і тэлепраграмы для Беларусі.

Эўракамісар у замежных сувязях і палітыцы эўрапейскага суседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр заявіла, што беларусам ўсё больш складана знайсьці незалежныя крыніцы інфармацыі з прычыны пільнага кантролю ўладаў за мэдыямі. Бэніта Фэрэра-Вальднэр верыць, што ў будучыні беларусы будуць мець свае ўласныя свабодныя мэдыі, паколькі гэта адзін з ключавых інструмэнтаў дэмакратыі. Эўракамісар спадзяецца, што новыя радыё і тэлепраграмы дадуць беларусам магчымасьць ведаць рэальную сытуацыю ў краіне і дапамогуць лепш разумець іх суседзяў у Эўразьвязе.

Бэніта Фэрэра-Вадьднэр адзначыла важнасьць мець разнастайныя мэдыі і прывітала пачатак вяшчаньня «Радыё Рацыя», новага польскага праекту незалежнага вяшчаньня на Беларусь. Эўракамісар лічыць, што чым болей будзе крыніцаў незалежнай інфармацыі для Беларусі, тым лепей.

Што ўяўляе зь сябе мэдыйны праект Эўразьвязу? Гэта штодзённая ранішняя 60-хвілінная інфармацыйная радыёпраграма «Акно ў Эўропу» на расейскай і беларускай мовах ад Эўрапейскага радыё для Беларусі і радыё «Балтыйскія хвал». Радыёпраграма разьлічаная на ўсе сэгмэнты беларускага грамадзтва, пры гэтым падвышаная ўвага надаецца моладзевай аўдыторыі. Радыё будзе складацца зь сюжэтаў і рэпартажаў з Эўропы і Беларусі. Навінная частка праграмы будзе ўключаць паведамленьні пра асноўныя палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя і культурныя падзеі ўключна са спортам і надвор’ем. Будуць выкарыстоўвацца і інтэрактыўныя элемэнты ў выглядзе званкоў слухачоў і камунікацыі са студыяй.

Чатыры праграмы ў наўпроставым эфіры будуць прысьвечаныя прэзыдэнцкім выбарам у Беларусі з удзелам назіральнікаў за выбарамі, журналістаў, кандыдатаў і прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый.

Новая радыёпраграмы можна будзе слухаць праз кароткахвалёвы прымач, спадарожнік Hotbird або праз інтэрнэт.

Тэлевізійную праграму будзе рыхтаваць расейскі незалежны тэлеканал RTVi. Гэта будзе штотыднёвая 30-хвілінная праграма «Акно ў Эўропу» на беларускай і расейскай мовах. Першы выпуск стартуе ў нядзелю 26 лютага а 17-й гадзіне паводле менскага часу. Пяць паўтораў праграмы будуць трансьлявацца з панядзелка па пятніцу. Праграма разьлічаная на беларускую аўдыторыю. Яна будзе ўключаць культурныя, сацыяльныя, палітычныя, гістарычныя і эканамічныя аспэкты беларускага жыцьця, а таксама інфармацыю пра магчымасьці і праблемы Эўразьвязу. У праграме будуць відэарэпартажы і студыйныя дыскусіі.

Плянуюцца два спэцыяльныя выбарчыя праграмы ў жывым эфіры, у якіх возьмуць удзел экспэрты зь Беларусі, Расеі і краінаў Эўразьвязу, да таго ж будуць выступаць назіральнікі за выбарамі, журналісты, кандыдаты і прадстаўнеік няўрадавых арганізацый. Праграма RTVi будзе трансьлявацца праз кабэль і спадарожнік.

Мэдыя-праект «Акно ў Эўропу» зьяўляецца часткай вялікага праекту коштам два мільёны эўра, які ўключае ў сябе падтрымку беларускіх друкаваных мэдыяў, інтэрнэт, сэмінары для журналсітаў, а таксама радыё– і тэлевяшчаньне для Беларусі. Мэта гэтага праекту — пашырэньне незалежнай інфармацыі па ўсёй Беларусі.


Ганна Соусь
Радыё Свабода