«Сярод 800 мільёнаў эўрапейцаў не стае 10 мільёнаў беларусаў»

23/02/2006

Так заявіў сёньня ў часе праскай канфэрэнцыі, прысьвечанай Беларусі, прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэне ван дэр Ліндэн. ПАРЭ праводзіць гэтую канфэрэнцыю сумесна з чэскім міністэрствам замежных справаў. З канфэрэнцыі паведамляе наша карэспандэнтка.

Прэзыдэнт ПАРЭ падкрэсьліў, што цяперашнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі зьяўляюцца экзамэнам для ўсёй Эўропы. Ён дадаў, што гэтая эўрапейская структура не падтрымлівае канкрэтнага кандыдата ў Беларусі, але выступае за справядлівы прынцып правядзеньня выбараў.

Ван дэр Ліндэн гаварыў пра тое, што ён будзе пераконваць Расею паспрыяць працэсу дэмакратызацыі Беларусі. На гэта, аднак, рэагаваў прадстаўнік Расеі ў Радзе Эўропы Віктар Калесьнікаў, які адкрыта выступіў у падтрымку цяперашняй беларускай улады і ахарактарызаваў супольныя эўрапейскія намаганьні як «нэрвовае імкненьне кіраваць выбарамі са штабоў дэмакратыі». Паводле словаў Калесьнікава, Беларусь жыве не ў рэжыме Лукашэнкі, а ў рэжыме стабільнасьці, і каталізатары з арсэналаў каляровых рэвалюцыяў тут не спрацуюць.

На думку міністра замежных справаў Славаччыны Эдуарда Кукана, грамадзяне Беларусі дасюль зьяўляюцца ахвярамі палітыкі іхнага лідэра. Ключавой праблемай беларускага грамадзтва славацкі міністар назваў дзяржаўную манаполію на сродкі масавай інфармацыі.

Вядучы канфэрэнцыі міністар замежных справаў Чэхіі Цырыл Свобада спрабаваў далучыць да дыскусіі прадстаўнікоў афіцыйнай Беларусі, аднак ніхто зь іх не пажадаў узяць слова.

(Свобада: ) «Некалькі разоў я зьвярнуўся да прадстаўнікоў рэжыму прэзыдэнта Лукашэнкі, каб выступілі, прапанаваў ім, гаварыце, што хочаце, маеце тут вольны прастор. Яны маўчалі, як рыбы. Потым ім прапаноўваў, што было б добра правесьці дыскусію на тэлеэкране, каб па прыкладзе дэбатаў паміж Кэнэдзі і Ніксанам, адбыліся, напрыклад, дэбаты паміж Лукашэнкам і Мілінкевічам, каб людзі маглі мець уяўленьне. Прасіў іх адказаць на гэтае простае пытаньне: гэта ў вас магчыма ці не? Гатовыя вы даць апазыцыі дзесяць мінут, каб выказвалася ў адзін час з прэзыдэнтам Лукашэнкам? Адказам было толькі маўчаньне…»

Урэшце міністар Свобада запрапанаваў прадстаўнікам афіцыйнага Менску правесьці зь ім дыскусію на чэскім тэлебачаньні, каб высьветліць пазыцыі бакоў у апошнім дыпляматычным канфлікце вакол чэскага амбасадара ў Менску Ўладзімера Румла.

На праскай канфэрэнцыі ад беларускіх дэмакратычных сілаў выступілі Станіслаў Шушкевіч, Вінцук Вячорка і Сяргей Калякін. Кіраўнік штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін, у прыватнасьці, адзначыў, што беларуская апазыцыя не патрабуе ніякай спэцыяльнай падтрымкі, акрамя пашырэньня незалежнай аб’ектыўнай інфармацыі для грамадзянаў Беларусі.


Алена Ціхановіч
Радыё Свабода