Казулін моцна зьбіты і можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці

02/03/2006

Кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін, які спрабаваў зарэгістравацца дэлегатам на Ўсебеларускі сход, быў зьбіты палкоўнікам Дзьмітрыем Паўлічэнкам і затрыманы. Ня выключана, што на яго завядуць крымінальную справу. Сёньня ж затрымалі больш за тры дзясяткі прыхільнікаў Казуліна і журналістаў.

Аляксандар Казулін разам са сваімі паплечнікамі прыйшоў раніцай 2 сакавіка да Палацу культуры чыгуначнікаў, дзе праходзіла рэгістрацыя дэлегатаў Трэцяга ўсебеларускага сходу. Нядаўні зьезд сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», якую ачольвае Казулін, вылучыў яго дэлегатам на Ўсебеларускі сход, каб ён змог азнаёміць людзей са сваёй праграмай. Закон аб рэспубліканскіх сходах дазваляе вылучэньне ад партыяў. У фае палацу яго сустрэла прадстаўніца рэгістрацыйнай групы, і ў Аляксандра Казуліна зь ёй адбылася такая размова:

(Казулін: ) «Я прыйшоў зарэгістравацца дэлегатам».

(Прадстаўніца камісіі: ) «Аляксандар Уладзіслававіч, вы цудоўна ведаеце, як праходзіла вылучэньне, і хто абраны дэлегатам ад гораду Менску».

(Казулін: ) «Сэкундачку, я цудоўна ня ведаю. За мной стаяць 200 тысяч выбарцаў, а хто стаіць за вамі. Таму я пайшоў рэгістравацца».

У сярэдзіне фае шлях Казуліну, яго паплечнікам і журналістам перагарадзілі людзі ў цывільным, якімі кіраваў камандзір спэцназу МУС Дзьмітры Паўлічэнка. Яны пачалі адціскаць у розныя бакі і зьбіваць прадстаўнікоў выбарчага штабу і журналістаў.

Аляксандра Казуліна павалілі на падлогу, і Паўлічэнка зьбіваў яго нагамі.

Пазьней у інтэрвію агенцтву «Інтэрфакс» палкоўнік Паўлічэнка сказаў: «Казулін мяне абразіў, і я пагаварыў зь ім па-мужчынску». Зьбілі таксама генэрала Валерыя Фралова, апэратара агенцтва «Reuters» ды іншых.

Некалькі асобаў у цывільным запхнулі Аляксандра Казуліна ў мікрааўтобус і адвезьлі ва ўправу міліцыі Кастрычніцкага раёну.

Кіраўнік выбарчага штабу Казуліна Мечыслаў Грыб так пракамэнтаваў напад на кандыдата:

(Грыб: ) «Гэтая акцыя была заказаная і яшчэ раз пацьвердзіла, што ўлады гатовыя ісьці на ўсё».

Тым часам каля пастарунку, дзе трымалі Казуліна, сабраліся ягоныя паплечнікі, жонка, дзеці і сваякі кандыдата, назіральнікі ад АБСЭ і журналісты. Да пастарунку пад’ехаў аўтобус і прыкладна дваццаць чалавек, сярод якіх былі брат Казуліна, карэспандэнты «Комсомольской правды” Алег Улевіч і «БелГазеты” Дзьмітры Брушко, зацягнулі ўсярэдзіну.

Чалавек у цывільным адкрыў агонь зь пісталету па прыпаркаванай побач машыне, зь якой паплечнікі Казуліна здымалі затрыманьне.

Таксама затрымалі, але неўзабаве адпусьцілі фотакарэспандэнтаў «Нашай Нівы” Юлію Дарашкевіч, агенцтваў «Associated Press» Сяргея Грыца і Васіля Фядосенку з «Reuters».

Затрыманых адвезьлі ў Ленінскую ўправу міліцыі. Пры затрыманьні былі моцна зьбітыя Алег Улевіч, Іван Лабачоў і Ўладзімер Севярын. Прыкладна ў гэты ж час, каля гарадзкой ратушы, затрымалі пятнаццаць прыхільнікаў Казуліна, якія чакалі сустрэчы са сваім кандыдатам. Іх адвезьлі ў Цэнтральны аддзел міліцыі. Пасьля некаторых адпусьцілі да суду, а некаторых завезьлі ў спэцпрыёмнік.

Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч выказаў сваю салідарнасьць з затрыманым Аляксандрам Казуліным, а штаб кандыдата сацыял-дэмакратаў запатрабаваў неадкладна яго вызваліць.

У пастарунку Казулін разьбіў партрэт Аляксандра Лукашэнкі. Дагэтуль невядома, якое абвінавачаньне яму прад’явяць. Ня выключана, што Казуліна могуць пазбавіць кандыдацкай рэгістрацыі і прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці.

 

Радыё Свабода