Міліцыянты затрымалі і зьбілі прыхільнікаў Аляксандра Казуліна і журналістаў, каля пастарунку чуліся стрэлы

02/03/2006

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі каля ўправы міліцыі Кастрычніцкага раёну Менска, дзе цяпер знаходзіцца Аляксандар Казулін, актывістаў яго перадвыбарчага штабу, а таксама фотакарэспандэнтаў газэты «Наша ніва» Юлію Дарашкевіч, агенцтваў «Associated Press» Сяргея Грыца і «Reuters» Васіля Фядосенку.

У карэспандэнтаў забралі фотакамэры. Празь нейкі час іх адпусьцілі.

Юлія Дарашкевіч паведаміла Радыё Свабода, што каля пастарунку міліцыі гучалі стрэлы.

Асобы ў цывільным стралялі па машыне.

Яшчэ 11 актывістаў штабу Аляксандра Казуліна і фотакарэспандэнта «Белгазэты» Дзьмітрыя Брушко адвезьлі ва ўправу міліцыі Ленінскага раёну.

Падчас затрыманьня міліцыянты моцна зьбілі двух актывістаў каманды Казуліна. У Івана Лабачова паламаныя рэбры, а Ўладзімеру Севярыну акрамя рэбраў яшчэ разьбілі галаву.

Зьбіты і затрыманы карэспандэнт «Камсамольскай правды» Алег Улевіч ды супрацоўнік прэсавай службы Казуліна Андрэй Максімаў.

Да Аляксандра Казуліна не пускаюць яго жонку і дачок і сваякоў. У будынак пусьцілі толькі яго адваката Дзьмітрыя Гарачка.

Зьбіты падчас інцыдэнту ў Палацу культуры чыгуначнікаў тэлеапэратар агенцтва «Reuters» Дзьмітры Мадорскі, знаходзіцца ў 10 шпіталі Менска. У яго пашкоджанае вока.

Тым часам камандзір спэцназу МУС Дзьмітры Паўлічэнка, які зьбіваў кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна заявіў агенцтву «Інтэрфакс», што той яго абразіў. Таму Паўлічэнка «пагаварыў з Казуліным па-мужчынску».

З заявай салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным выступіў кандыдат на прэзыдэнта ад аб’яднай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч.

 

Радыё Свабода