Камітэт замежных справаў Сойму Літвы ў пятніцу прыняў рэзалюцыю «Адносна перадвыбарчай сытуацыі ў Беларусі». Усяго ў літоўскім парлямэнце зарэгістраваныя тры праекты рэзалюцыі адносна сытуацыі ў Беларусі. Разгляд агульнай рэзалюцыі Сойму што да рэпрэсіяў у Беларусі перанесены на наступны тыдзень.
У рэзалюцыі, прынятай парлямэнцкім камітэтам замежных справаў, асуджаецца «жаданьне беларускіх уладаў задушыць свабоду слова ў Беларусі і права на свабоду выбару», выказваецца падтрымка людзям Беларусі ў іх памкненьнях забясьпечыць павагу ў сваёй дзяржаве да асноўных дэмакратычных каштоўнасьцяў. Рэзалюцыя заклікае неадкладна вызваліць затрыманых лідэраў апазыцыі.
Прынятую рэзалюцыю ініцыяваў яшчэ перад пачаткам вясновай сэсіі парлямэнту сацыял-лібэрал Вацлаў Станкевіч, сябра парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», старшыня камісіі ў справах НАТО і сябра камітэту замежных справаў. Вацлаў Станкевіч сказаў нашаму радыё, што Сойм толькі пачаў сваю працу і рэзалюцыя парлямэнцкага камітэту — гэта спосаб як мага хутчэй адрэагаваць на падзеі ў Беларусі.
(Станкевіч: ) «У заяве камітэту замежных справаў ёсьць асобны пункт, дзе мы прапануем беларускім уладам як найхутчэй выпусьціць арыштаваных апазыцыянэраў — мы перакананыя, што так нельга рабіць у цывілізаванай сучаснай краіне. Я ўпэўнены, што такія самыя заклікі будуць і ў рэзалюцыі Сойму».
Вацлаў Станкевіч адзначыў, што прыняцьце рэзалюцыі ўсяго Сойму адносна цяперашніх падзеяў у Беларусі надзвычай важна і для самой Літвы, для яе міжнароднага іміджу.
Кіраўнік парлямэнцкага камітэту замежных справаў, сацыял-дэмакрат Юсьцінас Каросас мяркуе, што ўхваленай сёньня рэзалюцыі дастаткова, а заява ўсяго Сойму можа быць прынятая пасьля выбараў.
Тым часам у парадку дня першага паседжаньня вясновай сэсіі літоўскага парлямэнту было абмеркаваньне двух праектаў рэзалюцыі па Беларусі. На прапанову сацыял-дэмакратаў (якія належаць да кіроўчай у Сойме фракцыі) сёньня бальшынёй галасоў вырашана перанесьці разгляд агульнай рэзалюцыі літоўскага Сойму.
Адзін з праектаў рэзалюцыі — «Адносна рэпрэсіяў напярэдадні будучых выбараў у Беларусі» — зарэгістравала Раса Юкнявічэне з партыі кансэрватараў «Саюз Айчыны». Юкнявічэне, якая ачольвае парлямэнцкую групу «За дэмакратычную Беларусь», рэзка асудзіла рашэньне адкласьці галасаваньне па зарэгістраванай ёю рэзалюцыі адносна рэпрэсіяў у Беларусі. Раса Юкнявічэне сказала нашаму радыё:
(Юкнявічэне: ) «Я хацела, каб Сойм Літоўскай Рэспублікі як прадстаўнік нацыі выказаў сваё яснае, недвухсэнсоўнае стаўленьне да таго, што адбываецца ў Беларусі. Тым болей, што Соймы Латвіі і Эстоніі ўжо прынялі рэзалюцыі ў справе Беларусі. Застаецца толькі шкадаваць, што найбліжэйшая суседка Беларусі Літва так затрымліваецца. Рашэньне адкласьці рэзалюцыю адносна Беларусі — гэта пазыцыя ня ўсёй Літвы, а толькі меркаваньне часткі цяперашняй «камуністычнай намэнклятуры».
Другі праект рэзалюцыі прапаноўваў кансэрватар Эмануэліс Зінгерыс, кіраўнік парлямэнцкага падкамітэта ў справах палітыкі суседзтва, сябра камітэту замежных справаў. У гэтым праекце зьмешчаны заклікі да больш жорсткай палітыкі з боку Эўразьвязу ў адносінах да Беларусі. Зінгерыс спадзяецца, што Сойм прыме агульную рэзалюцыю з улікам палажэньняў абодвух праектаў.
(Зінгерыс: ) «Гэта будзе яшчэ ня позна. На жаль, рэпрэсіяў у Беларусі столькі, і улады паводзяцца так, што такая рэзалюцыя ня толькі сёньня будзе актуальная. Я упэўнены, што Сойм прагаласуе за такую рэзалюцыю».
Агульная рэзалюцыя Сойму Літвы адносна рэпрэсіяў у Беларусі будзе разглядацца 14 сакавіка (гэта найбліжэйшы працоўны дзень: наступныя тры дні ў Літве — выходныя).
Тацяна Поклад
Радыё Свабода