Беларусы і ўкраінцы правялі пікет у Брусэлі

13/03/2006

Сёньня ў цэнтры Брусэлю, каля будынкаў Парлямэнцкая асамблеі Рады Эўропы і Эўрапейскай Камісіі прайшла акцыя пратэсту супраць перасьледу і арыштаў прыхільнікаў дэмакратычных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі, а таксама супраць магчымых фальсыфікацыяў вынікаў выбараў.

У пікеце, які адбываўся ў цэнтры Брусэлю, на пляцы імя Робэрта Шумана, узялі ўдзел каля 20 чалавек, прычым арганізатарамі пікету выступілі украінцы, якія жывуць у Бэльгіі. Гаворыць адзін зь іх — Аляксандар Падбярэзьнік-Кірычэнка:

(Падбярэзьнік-Кірычэнка: ) «Сёньня мы разам з братамі-беларусамі бярэм удзел у гэтай акцыі — мы супраць фальсыфікацыяў вынікаў выбараў, супраць перасьледу беларускай апазыцыі. Украінцам і беларусам трэба трымацца разам. Жыве Беларусь!»

Удзельнікі акцыі трымалі беларускія і ўкраінскія сьцягі, плякаты з надпісамі па-беларуску і па-француску «Не — фальсыфікацыям вынікаў выбараў у Беларусі!», «Свабоду палітывязьням!», «Так свабодным і дэмакратычным выбарам!», «Стоп расейскай акупацыі Беларусі».

У пікеце ўзялі ўдзел прадстаўнікі Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня. Гаворыць старшыня гэтай арагнізацыі Зьміцер Піменаў:

(Піменаў: ) «Галоўнае, што мы хочам сказаць, гэта рашучае «Не!» фальсыфікацыям на прэзыдэнцкіх выбарах».

Падтрымаць удзельнікаў пікету прыйшоў і сябра Рады БНР спадар Янка Жучка.

Паводле ягоных словаў, акцыі пратэсту ў справе Беларусі за мяжой вельмі патрэбныя.

(Жучка: ) «Мы паказваем Эўропе, што тое, што нашая эўрапейская краіна выключаная з Эўропы, гэта віна толькі нейкай часткі беларусаў, ня ўсіх. Таксама тут і расейскага боку віна ёсьць, што мы ня можам поўнасьцю далучыцца да Эўропы».

 

Аляксей Дзікавіцкі
Радыё Свабода