Адбылася акцыя пратэсту беларускіх студэнтаў у Вільні

14/03/2006

13 сакавiка у Вільні перад будынкам амбасады Беларусі у Літве адбыліся дзьве акцыі пратэсту супраць арыштаў у Беларусі. Адну акцыю ладзіла Ліга маладых кансэрватараў Літвы у тым часе, калі трое літоўскіх дэпутатаў перадавалі у беларускую амбасаду зварот з пратэстам супраць рэпрэсіяў у часе выбарчай кампаніі. Другую акцыю зладзілі беларускія студэнты, якія перадалі свой зварот міністру замежных справаў Беларусі.

У абедзьвюх акцыях удзельнічалі і беларусы, і літоўцы. У санкцыянаванай акцыі пратэсту беларускіх студэнтаў Вільні ўзялі удзел некалькі дзесяткаў чалавек, якія патрабавалі неадкладна вызваліць усіх затрыманых у Беларусі.

(Галасы удзельнікаў:) «Свабоду! Свабоду! Беларусь у Эўропу! Жыве Беларусь!»

Адна з арганізатараў акцыі, студэнтка ЭГУ Ніка Выгоўская, сказала, што такія акцыі маюць паказаць людзям у беларускім кіраўніцтве, што прыйшоў час для зьменаў:

(Выгоўская:) «Я чакаю канструктыўных дзеяньняў. Ва усіх краінах сьвету пратэстуюць супраць таго, што дзеецца у Беларусі. Гэты пікет — адна з акцыяў з хвалі пратэстаў, хутка да беларускага памежжа прыедзе галяндская акцыя пратэсту, якая аўтастопам едзе па ўсёй Эўропе.»

Да акцыі далучыліся мясцовыя беларусы, прадстаўнікі літоўскіх праваабарончых арганізацыяў.

Людзьвіка Вітушкава, сябра аргнізацыі «Віленскі беларускі музэй імя І.Луцкевіча» : «Я раблю тое, што я магу, каб падтрымаць суайчыньнікаў. Сёньня я прыйшла сюды са сваёй дачкой. 19-га сакавіка я буду у Менскуна плошчы, — я хачу зрабіць, каб наш народ адчуваў падтрымку. Я хачу сказаць усім сваім сябрам: «Вы не адныя, мы з вамі разам!».

Хведар Нюнька, старшыня Таварыства беларускай культуры у Літве паведаміў, што яшчэ адзін пікет яго арганізацыя заплянавала на 19 сакавіка:

(Нюнька:) «Нармальных умоваў для выбараў у Беларусі не існуе. Вынікі нас не зьдзівяць, іх ужо даўно Ярмошына узгодніла з Лукашэнкам. Вынікі нас не зьдзівяць. Але важна, каб народ Беларусі падняўся з каленяў.»

Стасіс Каўшыніс, кіраўнік літоўскага Фонду падтрымкі абароны грамадзянаў, будзе у ліку назіральнікаў на выбарах 19 сакавіка.

(Каўшыніс:) «Патрэбныя і пратэсты, і акцыі, і непасрэдныя сьведчаньні таго, што адбываецца у Беларусі. Я быў у Менску і 2 сакавіка, — гэта важна, што мы можам засьведчыць, задакумэнтаваць, распавесьці пасьля міжнароднай грамадзкасьці, што там насамрэч адбываецца. Такая інфармацыя мае быць наўпроставая, зусім іншая справа, калі сам гэта ўсё бачыў.»

Моладзь трымала бел-чырвона-белыя сьцягі, плякаты «За свабоду!», партрэты арыштаваных. На патрабаваньне пікетоўцаў з’яывіўся прадстаўнік амбасады РБ у Літве — дараднік амбасадара спадар Стома, але ён ня выйшаў з-за зачыненай брамы.

Беларускія студэнты перадалі у амбасаду зварот да міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава з патрабаваньнем неадкладна вызваліць затрыманых у часе выбарчай кампаніі. Зварот падпісалі грамадзяне Беларусі і Літвы.

 

Тацяна Поклад
Радыё Свабода