Беларусы Прагі падтрымалі сваіх суайчыньнікаў

19/03/2006

Сёньня ў цэнтры Прагі, на Вацлаўскай плошчы, адбыўся пікет салідарнасьці зь беларускай дэмакратыяй. Некалькі дзясяткаў чалавек — беларускія студэнты, якія навучаюцца ў Чэхіі, сябры беларускай суполкі ў Чэхіі «Скарына» трымалі бел-чырвона-белыя сьягі і плякаты.

Акцыю распачаў сябра Рады БНР Уладзіслаў Яндзюк, які распавёў пра апошнія падзеі ў Менску. Са словамі падтрымкі беларускай дэмакратыі выступіў дэпутат Сэнату Чэскай Рэспублікі Сватоплук Карасэк.

Прамаўлялі і беларускія студэнты, якія патрабавалі правядзеньня справядлівых выбараў і спыненьня перасьледу актывістаў апазыцыі. У акцыі бралі ўдзел колішнія чэскія дысыдэнты — падпісанты Хартыі-77.

 

Радыё Свабода