Канада супраць гвалту ў Беларусі

28/03/2006

26 сакавіка на цэнтральнай плошчы канадзкага гораду Таронта перад гарадзкой управай адбыўся шматлюдны мітынг, прысвечаны 88-м угодкам БНР і ў знак пратэсту супраць гвалту і перасьледаў ў Беларусі. На ім выступілі старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, сакратар прэм’ер-міністра Канады Джэйсан Кэні, дэпутаты парлямэнту Борыс Вжэсьнеўскі і Пэгі Нэш, пісьменьніца Вольга Іпатава і іншыя.

«Мы ведаем, як цяжка давялося пераадольваць наступствы таталітарызму на Украіне, і мы будзем пераконваць нашых парламентароў больш увагі удзяляць такім жа працэсам у Беларусі» — сказаў Борыс Вжэснеўскі.

Мітынг пачаўся гімнам «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», а закончыўся радкамі песьні «Магутны Божа», якія спявалі ня толькі удзельнікі гурту «Яваровыя людзі» са Згуртаваньня беларусаў Канады, але і ўся плошча. Арганізатары мітынгу падрыхтавалі вялікія стэнды з фатакарткамі апошніх гвалтоўных дзеянняў улад Беларусі, каля якіх тоўпілася мноства людзей. «Мы з вамі, беларусы!» — гаварылі канадыйцы, што таксама прыйшлі на мітынг у падтрымку дэмакратыі ў краіне «апошняй дыктатуры ў Еўропе».

 

Канада заявіла, што скарачае стасункі з Беларусьсю ў сувязі з ўжываньнем гвалту беларускімі ўладамі супраць мірных дэманстрантаў і затрыманьнямі ўдзельнікаў акцый.

Міністар замежных справаў Канады Пітэр Макей паведаміў, што ён выклікаў амбасадара Беларусі, каб выказаць яму асуджэньне Атавы таго, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не былі свабоднымі і справядлівымі. Кіраўнік МЗС Канады назваў беларускія выбары “абсалютнай абразай дэмакратычных прынцыпаў».

Міністар замежных справаў паведаміў, што Канада цяпер абмяжуе афіцыйныя стасункі зь Беларусьсю консульскімі дачыненьнямі, пытаньнямі, зьвязанымі з правамі чалавека і дэмакратычнага разьвіцьця, а таксама зь міжнароднай бясьпекай, накшталт зьнішчэньня наземных мінаў. Пітэр Макей таксама запатрабаваў вызваліць канадзкага журналіста, затрыманага ў Менску ў часе акцыі пратэсту. Фрэдэрык Левуа працаваў у Менску без акрэдытацыі МЗС Беларусі і быў затрыманы ў ноч на 24 сакавіка падчас ліквідацыі намётавага гарадку на Кастрычніцкай плошчы. У той жа дзень яго асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Сям’я 23-гадовага канадзкага журналіста непакоіцца аб яго стане і звярнулася да канадзкіх уладаў з просьбай аказаць садзеяньне ў яго вызваленьні. Сваякі апасаюцца за здароўе Фрэдэрыка Левуа, паведамляе «Сі-бі-сі ньюс Манрэаль».

 

Радыё Свабода