У сядзібе БНФ экспануецца выстава твораў на чарнобыльскую тэму

26/04/2006

У экспазыцыі пад назвай «Воблака» прадстаўлена 26 твораў жывапісу, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўдзельнікаў творчай супольнасьці «Пагоня» Беларускага саюза мастакоў, прысьвечаная 20-годдзю катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Адзін з ініцыятараў творчай акцыі, жывапісец Аляксей Марачкін экспануе сваё палатно «Воблака», напісанае ў 1984 годзе — за два гады да Чарнобыля. Мастак паказаў фантастычнай формы воблака, з якога на зямлю спусьцілася нейкая бяздушная мэханічная істота з мноствам учэпістых канечнасьцей і драпежным дзюбай, якая пакідае за сабой спустошаную апаленую прастору.

У інтэрвію БелаПАН А.Марачкін зазначыў, што «сымбалічная назва выставы нагадвае пра радыяцыйнае воблака, якое 20 гадоў таму накрыла Беларусь». Мастак мяркуе, што чарнобыльская трагедыя адбылася не толькі з-за галавацяпства і чыста тэхнічных памылак, але і ў нейкай ступені зьяўляецца Божай карай за чалавечыя грахі.

Свае работы прадставілі на выставе жывапісцы Віктар Шматаў («Пахаваньне вёскі», «Вясна ў чарнобыльскай зоне», «Старая хатка») і Георгій Скрыпнічэнка («Палешукі! Як справы? Выдатна», «Памяркоўны», «Бацькам на Палесьсі»), а таксама графік Уладзімір Крукоўскі (трыпціх плякатаў «Жыльлё», «Жыцьцё», «Культура»). Жывапісец Генадзь Драздоў, чыя родная вёска ў Гомельскай вобласці адселена, прадставіў палотны «У вырай» і «Разьвітальная сьвечка». Свае работы дэманструюць чарнобыльцы-ліквідатары Ігар Марачкін і Лявон Грышук.

 

Радыё Свабода