27 красавiка ў цэнтры Кіева на Міхайлаўскай плошчы адбылася акцыя салідарнасьці з удзельнікамі менскага «Чарнобыльскага шляху».
У акцыі ўдзельнічалі каля двух дзясяткаў чалавек. Пачалася яна са своеасаблівага паўтору акцыі салідарнасьці 16 красавіка: маладыя людзі селі на зямлю ля помніка ахвярам галадамору і разгарнулі ўкраінскія газэты, у якіх былі замазаныя чорным маркерам цэлыя абзацы. Мінакам яны казалі, што менавіта так выглядае свабода слова ў Беларусі.
Калі пачало цямнець, удзельнікі акцыі запалілі сьвечкі салідарнасьці. Адзін з арганізатараў акцыі Аляксандар Алфёраў сьцьвярджае: асноўнай мэтай было паказаць, што Чарнобыль — гэта ня толькі ўкраінская, але і беларуская праблема. Акрамя таго, беларускія ўлады дагэтуль ня вызналі сапраўдных памераў чарнобыльскае катастрофы.
(Алфёраў: ) «Калі ўвесь цывілізаваны сьвет памятае пра чарнобыльскую катастрофу як пра агульначалавечую бяду, апошні генацыд у Савецкім Саюзе, калі яе вызнаюць ува ўсім сьвеце, у Беларусі наступствы Чарнобылю дагэтуль не прызнаныя. Людзям ня кажуць усёй праўды, селяць іх на забрудненых тэрыторыях. Сёньня ў Менску адбываецца «Чарнобыльскі шлях» і зь ім салідарнае мноства людзей, тут, у Кіеве, у Эўропе, ува ўсім сьвеце».
У акцыі ўдзельнічалі і беларусы, якія хаваюцца ў Кіеве ад перасьледу беларускае ўлады. Распавядае Юля, сябра гомельскага моладзевага цэнтру «Гарт»:
(Юля: ) «Уражаньні ад акцыі засталіся вельмі станоўчыя, вельмі прыемна, што ўкраінцы падтрымліваюць нас маральна. Маральная падтрымка для нас сёньня — гэта галоўнае. Хачу падзякаваць ня толькі ўкраінцам, якія ладзяць такія акцыі тут, у Кіеве, але і тым, якія паехалі на «Чарнобыльскі шлях» у Менск і якіх сёньня затрымалі».
Падчас акцыі стала вядома пра затрыманьне на мітынгу ў Менску ўкраінскіх актывістаў. Удзельнікі акцыі са сьмехам заўважылі, што гэта ня спыніць маладых украінцаў у іх жаданьні дапамагаць беларускім сябрам.
Павло Зуб’юк
Радыё Свабода