Таксама не дазволенае шэсьце ад Акадэміі навук да месца правядзеньня мітынгу. Матывы адмовы чыноўнікі не паведамілі. Але арганізатары апазыцыйнай маёўкі гавораць, што нягледзячы на перашкоды, акцыя супраць кантрактнай сыстэмы і за вызваленьне палітычных вязьняў пройдзе ў задуманым фармаце.
Пасьля арышту ды зьняволеньня лідэраў дэмакратычнай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, Сяргея Калякіна, Вінцука Вячоркі, Аляксандра Бухвостава і Зьмітра Дашкевіча справу арганізацыі маёўкі 1 траўня пераняў намесьнік першага сакратара Партыі камуністаў Валер Ухналёў. Улады не дазваляюць людзям 1 траўня сабрацца на пляцоўцы каля Акадэміі навук каб адтуль прайсьці на Бангалор. Тым ня менш, Валер Ухналёў гаворыць, што акцыя ў Дзень працы пройдзе у заплянаваным фармаце:
(Ухналёў: ) «Акцыя будзе праходзіць у тым фармаце, як мы і дамовіліся спачатку. Нягледзячы на тое, што Менгарвыканкам адмовіў нам у правядзеньні дэманстрацыі, мы заклікаем людзей прыйсьці на пляцоўку каля Акадэміі навук. Адтуль мы арганізавана правядзем людзей на плошчу Бангалор, дзе адбудзецца мітынг. Мы не мяняем фармату і зьбіраемся аб 11-й гадзіне каля Акадэміі навук і да 12-ай мы пройдзем па Сурганава да канцэртнай пляцоўцы на плошчы Бангалор, дзе адбудзецца мітынг. Мы нічога не мяняем і распаўсюджваем свае матэрыялы у якіх гаворыцца каб людзі прыходзілі на пляцоўку каля Акадэміі навук».
(Карэспандэнт: ) «Валер, скажыце, які будзе фармат акцыі на плошчы Бангалор? Чаго будуць патрабаваць удзельнікі гэтай акцыі?»
(Ухналёў: ) «Калі мы падавалі заяўку на правядзеньне акцыі то асноўнай тэмай быў пратэст супраць кантрактнай сыстэмы. Гэтая тэма будзе гучаць, але сёньня лідэры сядзяць у турме, таму асноўнай будзе тэма салідарнасьці зь імі. І з тымі людзьмі, якія сёньня змагаюцца па ўсёй краіне і трапляюць пад рэпрэсіі. Мы будзем патрабаваць вызваліць палітычных вязьняў».
Нічым не матывуючы, менскія ўлады не дазволілі правесьці 1 траўня на Бангалор канцэрт. Але Валер Ухналёў гаворыць, што ніхто не забароніць людзям, што прыйдуць на маёўку, засьпяваць са сцэны пад гітару.
Радыё Свабода