ЗША і Эўразьвяз асуджаюць гвалтоўныя дзеяньні беларускіх уладаў ў дачыненьні да беларускай апазыцыі і будуць падтрымліваць «дэмакратычныя імкненьні беларускага народу і супрацоўнічаць зь ім з тым, каб умацаваць дэмакратычныя інстытуты, грамадзянскую супольнасьць і незалежныя мэдыі ў гэтай краіне».
Пра гэта гаворыцца ў прынятай сёньня заключнай заяве эўрапейска-амэрыканскага саміту ў Вене, пад якой падпісаліся прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, аўстрыйскі канцлер Вольфганг Шусэль і прэзыдэнт Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу.
Заключны дакумэнт венскага саміту закранае самыя розныя пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва — у тым ліку сумесныя дзеяньні ў барацьбе з тэрарызмам, захаваньне правоў чалавека ва ўсім сьвеце, агульныя падыходы да праблемы энэрганадзейнасьці.
Радыё Свабода