Сваякі зьняволеных актывістаў арганізацыі «Партнэрства» сустрэліся з жонкай зьняволенага былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. Яны вырашылі аб’яднаць высілкі, каб дамагацца вызваленьня сваіх родных.
У часе апошняга спатканьня з мужам, распавяла Ірына Казуліна, ён папрасіў перадаць словы падтрымкі сваякам актывістаў незарэгістраванай арганізацыі «Партнэрства»і прапанаваў ёй сустрэцца зь імі.
(Ірына Казуліна: ) «Трэба аб’ядноўваць нашыя намаганьні і ісьці адной калёнай. Бо ўсё, што адбываецца, мае пад сабой адну і тую прычыну — палітычны перасьлед людзей у Беларусі. Мы будзем сустракацца, каб выпрацоўваць адзіны плян дзеяньняў».
Зараз на мэце сваякоў актывістаў «Партнэрства» — дамагчыся зьмены меры стрыманьня для Міколы Астрэйкі, Эніры Браніцкай, Аляксандра Шалайкі ды Цімафея Дранчука. 16 чэрвеня судзьдзя Ясiновіч запатрабаваў дадатковы месяц на разгляд справы з 6 тамоў. Зазвычай аб’ём крымінальных справаў большы ў 8-10 разоў. Распавядае бацька Цімафея Дранчука Валеры.
(Дранчук: ) «Мера стрыманьня ў справе «Партнэрства», гэта цяпер відавочна — неадэкватна жорсткая. Справа перададзена ў суд 2 чэрвеня, а суд патэнцыйна пераносіцца ажно на жнівень. Калі ў праваахоўнай сістэме бракуе кадраў, калі яны занятыя іншымі справамі, то ад гэтага не павінны цярпець нашы дзеці!»
На думку праваабаронцы Людмілы Гразновай, аб’яднаньне высілкаў сваякоў палітвязьняў абавязкова будзе мець плён.
(Гразнова: ) «Пазітыўны вынік я чакаю ад гэтага. Гэта ўсё адно — гэта палітычная справа. Гэтыя людзі змагаліся за дэмакратычныя каштоўнасьці і працягваюць за іх змагацца, знаходзячыся нават у турме. Вынік будзе, бо цяпер адна сіла нас згуртоўвае і адна сіла нас узмацняе. Гэта — салідарнасьць».
Сваякі палітвязьняў перадаюць словы ўдзячнасьці ўсім, хто падтрымлівае паштоўкамі ды лістамі маральны дух іхных родных. Гаворыць Валеры Дранчук.
(Дранчук: ) «Цімафей прасіў перадаць вялізную ўдзячнасьць усім, хто пасяляе зараз дэмакратычную ідэю ў Беларусі. Усім, хто падтрымлівае яго, дасылаючы паштоўкі ды лісты. Яму гэта цяпер вельмі дапамагае».
Лісты і паштоўкі Цімафею Дранчуку і Міколу Астрэйку можна дасылаць на адрас: Менск, Галоўны паштамт, абаненцкая скрыня 8.
Эніры Браніцкай ды Аляксандру Шалайку: Менск, Валадарскага, 2.
Аляксандру Казуліну — Жодзіна, вул. Савецкая, 22-А.
Актывістаў «Партнэрства» абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі і ў замаху на правы грамадзянаў. Яны знаходзяцца ў зьняволеньні ўжо болей за чатыры месяцы Аляксандра Казуліна вінавацяць у хуліганстве й арганізацыі беспарадкаў. У Жодзінскай турме яго трымаюць амаль тры месяцы — ад Дня Волі 25 сакавіка.
Радыё Свабода