У Магілёве стварылі гарадзкую рэгіянальную ініцыятыву

26/06/2006

Напрыканцы тыдня ў Магілёве прайшоў сход мясцовых лідэраў дэмакратычных партый і грамадзкіх аб’яднаньняў. Удзельнікі сходу, якія прадстаўлялі шэсьць дэмакратычных партый і дзесяць грамадзкіх аб’яднаньняў, прагаласавалі за праект пагадненьня пра стварэньне Магілёўскай гарадзкой рэгіянальнай ініцыятывы грамадзка-палітычных сілаў і зацьвердзілі склад адпаведнай рэдакцыйнай камісіі.Новая грамадзкая кааліцыя плянуе каардынаваць дзейнасьць дэмакратычных сілаў на выбарах ў мясцовыя Саветы.

У сходзе бралі ўдзел прадстаўнікі пяці вядучых партый кааліцыі «Пяцёрка плюс», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада ды большасьці мясцовых грамадзкіх аб’яднаньняў. Арганізатары сходу, лідэры тамтэйшых філій незарэгістраванай партыі Свабоды і прагрэсу і Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Сілкоў і Сяргей Стральцоў заявілі, што магілёўская ініцыятыва ствараецца як рэгіянальная ініцыятыва, якая мусіць паспрыяць посьпеху на выбарах у мясцовыя Саветы.

Удзельнікі сходу казалі, што на прэзыдэнцкіх выбарах яны падзяліліся на прыхільнікаў Мілінкевіча і Казуліна, а цяпер будуць весьці эфэктыўную выбарчую кампанію ў тых акругах, дзе будуць вылучацца іхныя кандыдаты, апярэджваючы ўлады, прапаноўваць свае шляхі вырашэньня праблем. Наша ініцыятыва, адзначыў ва ўступным слове Аляксандар Сілкоў, працягвае традыцыі папярэдняга аб’яднаньня магілёўскіх дэмакратычных сілаў — «Магілёўскай альтэрнатывы».

Паводле праекта кааліцыйнага пагадненьня, удзельнікамі ініцыятывы могуць стаць усе палітычныя партыі, прафсаюзы, грамадзкія аб’яднаньні, якія падзяляюць прынцыпы дэмакратыі, прававой і незалежнай беларускай дзяржавы і інтэграцыі ў эўрапейскую супольнасьць. Рэгіянальная кааліцыя ствараецца дзеля каардынацыі сумесных дзеяньняў яе ўдзельнікаў, абмену досьведам, вядзеньня эфэктыўнай выбарчай кампаніі і пошуку хаўрусьнікаў, найперш — моладзі.

Па папярэдняй дамоўленасьці ў склад рэгіянальнай ініцыятывы ўвайшлі мясцовыя філіі партый кааліцыі «Пяцёрка плюс», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада», моладзевыя арганізацыі, якія дзейнічаюць пад эгідай гэтых партый. Апроч таго — яшчэ некалькі грамадзкіх аб’яднаньняў, якія будуць мець права дарадчага голасу. Канчатковы тэкст пагадненьня і рэглямэнт кааліцыі будзе зацьверджаны напрыканцы чэрвеня. Удзельнікі сходу пагадзіліся, што ініцыятыва ствараецца як рэгіянальная кааліцыя і ня ёсьць формай руху «За свабоду».