Пракурор запрасіў для Аўтуховіча тры з паловай гады турмы

30/06/2006

Сёньня ў Кастрычніцкім судзе Горадні адбыліся спрэчкі бакоў па крымінальнай справе супраць ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча і дырэктара фірмы «Ніка-транс» Юрыя Лявонава. Пракурор прапанаваў пасадзіць Мікалая Аўтуховіча на 3 гады і 6 месяцаў, а ягонага калегу Юрыя Лявонава — на 3 гады і 5 месяцаў.

Дзяржаўны абвінаваўца Яўген Шчарбак выступіў з прамовай. Паводле яго, пад час судовага сьледзтва была даказаная вінаватасьць абодвух: Аўтуховіч з дапамогай Лявонава ўхіляўся ад выплаты падаткаў, ажыцьцяўляў перавозку пасажыраў і багажу, не рэгіструючы камэрцыйную фірму, не атрымліваючы адпаведную ліцэнзію. У выніку для мясцовага бюджэту былі нанесеныя страты ў асабліва буйным памеры.

Я.Шчарбак прапанаваў зьняволіць Мікалая Аўтуховіча на 3 гады 6 месяцаў ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама канфіскаваць ягоную маёмасьць і забараніць яму 5 гадоў займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Юрыя Лявонава за пасобніцтва Аўтуховічу пракурор прапанаваў зьняволіць на 3 гады 5 месяцаў у калёніі ўзмоцненага рэжыму і забараніць яму 5 гадоў займаць пасады ў адміністрацыйна-гаспадарчай галіне.

Абвінавачаньне лічыць, што абодва падсудныя павінны сплаціць нанесеныя страты для раённага бюджэту: 40 мільёнаў 623 тысячы рублёў падатку, які Аўтуховіч не заплаціў за кіроўцаў, якіх наймаў для працы на сваіх таксоўках, а таксама 1 мільярд 92 мільёны 84 тысячы рублёў — суму выручкі, якую ён атрымаў ад работы сваіх таксовак.

Сяргей Астраўцоў
Радыё Свабода