Каля калёніі «Віцьба-3» прайшла акцыя салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным

25/11/2006

Сёньня палітвязьню споўніўся 51 год, і павіншаваць яго з днём народзінаў прыехалі ня толькі жонка й дачка Юлія, але й вядомыя палітыкі ды партыйныя лідэры Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Юры Хадыка, Анатоль Ляўковіч. Выказаць падтрымку Аляксандру Казуліну прыехалі таксама сьвятар Беларускай аўтакефальнай царквы айцец Леанід Акаловіч і прадстаўнікі апазыцыйных партыяў з Менску, Барысава, Віцебску ды Наваполацку.

Усяго ўдзел у акцыі салідарнасьці ўзялі каля 30-ці чалавек. Аднаго з удзельнікаў, Аляксандра Абрамовіча з Барысава, міліцыянты затрымалі, бо ён насьмеліўся крыкнуць "Свабоду Казуліну!" і "Лукашэнку — за краты".

Жонка Аляксандра Казуліна, спадарыня Ірына і дачка Юлія прывезьлі ў віцебскую калёнію "Віцьба-3" прадукты, неабходныя для правільнага выхаду з галадоўкі – аўсянку, яблыкі і ваду. Аднак спадар Казулін, які галадае за кратамі з 20-га кастрычніка, сёньня ў часе кароткатэрміновага спатканьня зь сям’ёй зноў заявіў, што спыняць галадоўку пакуль не зьбіраецца. Пра гэта са слоў бацькі распавяла Юлія Казуліна.

(Казуліна: ) "Мы перадалі яму цёплую куртку, таму што ранейшая спачатку была яму малая, а цяпер ужо завялікая. І перадалі прадукты, неабходныя для выхаду з галадоўкі — гэта аўсяны кісель, вада, яблыкі, гародніна. Але ён сказаў, што з галадоўкі выйдзе толькі тады, калі будуць прынятыя заявы або Дзярждэпартамэнту ЗША, або Англіі, або Францыі. Або калі да галадоўкі далучацца ўсе лідэры апазыцыі. Ён распавёў, што штодня гуляе, што ўчора быў на асьвячэньні царквы. А сёньня зранку яны ўжо адсьвяткавалі татаў дзень народзінаў — выпілі вядро гарбаты! Але я, паглядзеўшы на тату, проста была агаломшаная: я яго не пазнала, калі шчыра сказаць! Дарэчы, ён сказаў, што чуў учора мой выступ на Радыё Свабода, што паслухаў яго ад пачатку да канца, і што проста выдатна было чуваць!"

Прадукты Аляксандру Казуліну адміністрацыя калёніі перадаць пагадзілася, але адмовілася перадаць кветкі і віншавальны плякат, зроблены віцебскімі аднапартыйцамі Казуліна. На гэтым плякаце на знак падтрымкі расьпісаліся ўсе прысутныя і паабяцалі захаваць яго да вызваленьня палітвязьня.

Пакуль усе расьпісваліся і размаўлялі паміж сабою ў двары калёніі, у натоўпе хадзіў чалавек у цывільным з відэакамэрай. На просьбу кіраўніка АГП Анатоля Лябедзькі ён катэгарычна адмовіўся прадставіцца або назваць арганізацыю, у якой працуе.

(Лябедзька: ) "Ходзяць людзі ў цывільным, з камэрамі. Канешне, гэта супрацоўнікі праваахоўных органаў — ці міліцыі, ці КДБ. Але яны не прадстаўляюцца, пасьведчаньняў не паказваюць — толькі збоку, цішком здымаюць!"

Супрацоўнікі КДБ і Віцебскага раённага аддзелу міліцыі, якія прыехалі да калёніі на некалькіх службовых машынах, напачатку прэтэнзій да прысутных не выказвалі, адно што забаранялі фатаграфаваць калёнію у любым ракурсе. Аднак калі жыхар Барысава Аляксандр Абрамовіч, узьняўшы партрэт палітвязьня, некалькі разоў крыкнуў: "Свабоду Казуліну! Свабоду палітвязьням! Лукашэнку за краты!", яго завялі ў міліцэйскую машыну ды завезьлі ў Віцебскі райаддзел. Як паведамілі ў пастарунку, да панядзелка ён будзе знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня, а потым яго чакае суд.

Сьвятар Леанід Акаловіч хацеў сустрэцца з Аляксандрам Казуліным, каб проста ў камэры памаліцца за ягонае здароўе і цьвёрдасьць у перакананьнях. Але яму адмовілі, і службу давялося таксама праводзіць у двары калёніі, так што далучыцца да яе маглі ўсе прысутныя.