Цімафей Дранчук: «Я сваімі вачамі бачыў усё гэтае беззаконне»

26/12/2006

Сёння з менскай выпраўленчай калоніі №1 на волю выйшаў палітвязень Цімафей Дранчук. Актывіст кампаніі па назіранні за выбарамі быў арыштаваны напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і правёў у зняволенні 10 месяцаў. Дранчук выйшаў на волю апошнім з арыштаваных у лютым гэтага года грамадскіх актывістаў, якія былі абвінавачаныя ў “дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Партнёрства”. Праз месяц пасля арышту ў палітвязня нарадзіўся сын Платон. Сёння Цімафей кажа, што калі ягоны сын вырасце, будзе зусім іншы час. І тое, што адбываецца ў Беларусі сёння, стане гісторыяй. “Я буду дзяліцца толькі пазітыўнымі ўспамінамі аб гэтым часе. Салжаніцын казаў: турма, дзякуй, што ты ў мяне была. Думаю, што турэмны досвед дапаможа мне ў будучыні. Турма дае магчымасць пазнаць шмат пра чалавека. Да таго ж, я сваімі вачамі ўбачыў усё беззаконне, якое дзеецца ў нашых турмах і ізалятарах. Ні адзін юрфак не даў бы мне такіх ведаў”, – сказаў былы палітвязень у інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97.

– Цімафей, табе давялося правесці ў турме 10 месяцаў. Назіранне за выбарамі ў Беларусі настолькі небяспечны занятак?

– Насамрэч у Беларусі любая палітычная дзейнасць небяспечная, што і паказаў наш працэс, а таксама прысуды Аляксандру Казуліну, Зміцеру Дашкевічу і іншым палітвязням. Я затрымання не чакаў. Меркаваў, што ўлады здольныя на такія крокі, але быў перакананы, што гэта нас не закране. Мы дзейнічалі ад імя арганізацыі “Альтэрнатыва XXI”, якая зарэгістраваная ў Міністэрстве юстыцыі, а ў прысудзе гаварылася, што, працуючы афіцыйна ад арганізацыі “Альтэрнатыва XXI”, мы “мелі на ўвазе” дзейнасць ад “Партнёрства”. Я дагэтуль не магу зразумець, што значыць “мець на ўвазе дзейнасць”. Цалкам зразумела, што нас арыштавалі толькі за намер назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі, і зроблена гэта было для таго, каб запалохаць нашых калегаў па назіранні і ўсіх беларусаў напярэдадні выбараў.

– Як ты пракаментуеш тыя галаслоўныя абвінавачванні ў адрас актывістаў “Партнёрства”, якія прагучалі на прэс-канферэнцыі старшыні КДБ, генеральнага пракурора і міністра ўнутраных спраў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў?

– Гэта было цяжка пераносіць маральна, бо я ведаў, што гэта бачаць па тэлевізары мае родныя і блізкія. Гэтыя страшныя абвінавачванні, вар’яцкія ідэі пра нейкіх пацукоў – пра нас казалі як пра тэрарыстаў. А сваякі нічога не ведалі, адвакаты давалі падпіску аб неразглашэнні. Мне было лягчэй за іх, бо я ведаў, што нас абвінавачваюць па зусім іншым артыкуле – “дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”. Навошта трэба было называць нас тэрарыстамі? Каб усіх запалохаць, не пусціць людзей на плошчу пасля выбараў. Агідныя і зразумелыя ўсім метады.

– Вас захопліваў спецназ, як асабліва небяспечных злачынцаў…

– Нас захоплівала служба захопу Камітэта дзяржбяспекі “Альфа”. Гэта было страшна. Я ехаў за кветкамі для жонкі, у якой у гэты дзень быў дзень нараджэння, а вярнуўся ў суправаджэнні дзесятка людзей у чорных масках і з аўтаматамі. Выглядала гэта як захоп сябра “марозаўскай” групоўкі. Прыехалі супрацоўнікі КДБ адразу з падрыхтаванымі панятымі. Тыя падчас ператрусу нават падказвалі, дзе яшчэ пашукаць. Усталявалі відэакамеру. Яны былі добра падрыхтаваныя да гэтых мерапрыемстваў – адначасова былі схопленыя Эніра Браніцкая, Аляксандр Шалайка, Мікалай Астрэйка. Я яшчэ не зразумеў, што адбываецца, як ужо апынуўся ў машыне ў кайданках.

– Як праходзілі допыты?

– Першыя дні мяне дапытвалі супрацоўнікі КДБ. Ад мяне нічога асабліва не патрабавалі. Мне здаецца, пасля таго, як нас затрымалі, ім больш нічога не трэба было. Здавалася, следчыя КДБ не былі зацікаўленыя ў расследаванні справы. Яны як быццам зрабілі сваю справу – карцінку для Беларускага тэлебачання – і ўсё на гэтым. Усяго ў маёй крымінальнай справе было 6 тамоў, але практычна ні адзін дакумент у іх не меў да самой справы ніякага дачынення. Большасць сведкаў абвінавачвання наогул нас не ведалі. Калі нашай справай пачала займацца пракуратура, то мне здавалася, што следчыя нават не ведалі, як тлумачыць гэты артыкул – “дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”, як шукаць доказы віны. Таму ў суд і паступіла такая “сырая” і абсалютна бяздоказная справа.

– Суд па вашай справе быў закрыты. Якія ў цябе ўражанні ад працэсу?

– Паседжанне было закрытым толькі таму, што на працэсе было відавочна, што абвінавачванні супраць нас – надуманыя і бяздоказныя. Абвінавачванні нават не змаглі толкам сфармуляваць. У справе фігуравалі нейкія паперкі, падкінутыя нам у офіс – “вынікі” выбараў, якія мы быццам бы фальсіфікавалі. Трэба аддаць належнае, суд гэты эпізод выключыў з справы, і нас не судзілі за “замахі на правы грамадзянаў”. Крымінальная справа была заведзеная па заяве 6 актывістаў “Партнёрства”, і можна толькі здагадвацца аб чынніках, якія іх прымусілі так паступіць. Не сумняваюся, што на гэтых людзей сур`ёзна націскалі. Таму ніхто з іх не прыйшоў на суд, а астатнія сведкі адмовіліся ад сведчанняў, заявіўшы, што на іх аказваўся ціск з боку следства.

– Як прыняў прысуд?

– Прысуд быў занадта строгім, хоць ён не мог быць іншым, бо трэба было давесці справу да канца. З юрыдычнага пункту гледжання вынесены прысуд – гэта поўнае зневажанне ўсіх нормаў закона. Парушэнне артыкула 193 ч.1 КК РБ не ўяўляе ніякай грамадскай небяспекі, у мяне нарадзіўся сын, але ніхто не глядзеў на гэта – усё роўна мяне прысудзілі да года калоніі. Суддзя і не хаваў, што яму “заказалі” гэтыя тэрміны. У кулуарных гутарках ён гаварыў, што ад яго на гэтым працэсе нічога не залежыць.

– Табе давялося сядзець у следчых ізалятарах КДБ, ГУУС Менгарвыканкама і менскай выпраўленчай калоніі №1. Дзе было цяжэй за ўсё?

– Цяжэй усяго было ў калоніі. Не ў бытавым плане, а ў маральным. Я убачыў, нарэшце,
месца, аб якім шмат чуў. Гэта страшнае месца. Пры першай сустрэчы са мной начальнік аператыўнага аддзела ВК-1 сказаў, што гэта “дзяржава ў дзяржаве”. Яго словы аказаліся праўдай. Людзі, якія на волі займалі сур’ёзныя пасады, там зневажаюцца перад начальствам, каб выбіць сабе ўмовы лепей. Шмат хто піша даносы адзін на аднаго, каб атрымаць перадачу або сустрэцца са сваякамі. Асоба там знішчаецца цалкам. З іншага боку я сустрэў шмат годных людзей. Вельмі шмат хто сядзіць ні завошта. Напрыклад, пазнаёміўся з 60-гадовым старшынёй калгасу, ветэранам працы, якога абвінавацілі ў атрыманні хабару, хоць насамрэч ён проста “перайшоў камусьці дарогу”. Шмат хто сядзяць за тое, што былі каменем перапоны ў барацьбе паміж уладнымі структурамі.

– Ты сядзеў у адной калоніі з лідэрам прадпрымальнікаў Мікалаем Аўтуховічам?

– Я з ім размаўляў у турме. Мы сустракаліся на канцэртах у клубе і ў сталовай. У калоніі на яго аказваецца некаторы ціск. Ведаю, што на яго складаюць рапарты на пустым месцы – нібы ён парушаў рэжым. Пакуль яго папярэдзілі, але могуць у хуткай будучыні пакараць. За ім пільна назіраюць, у калонію да яго падсылаюць прадстаўнікоў спецслужбаў. Не даюць жыць нават у зняволенні. Праваабаронцам трэба звярнуць увагу на справу Аўтуховіча.

– Паступіла інфармацыя, што ў зняволенні ў цябе сур’ёзна пагоршыўся зрок.

– Так, зрок стаў горш праз скотскія ўмовы ў СІЗА на Валадарскага. У камеры сядзелі па 25 чалавек, няма дзённага святла, нечым дыхаць, прусы… Я ж у зняволенні працягваў завочна вучыцца ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, пісаў кантрольныя, і зрок, вядома, пагоршыўся.

– Як склаліся адносіны з сукамернікамі?

– З людзьмі мне вельмі везла. У СІЗА КДБ сядзеў з добрымі людзьмі, разумнымі, цікавымі, шмат з кім былі агульныя погляды, ідэі. На “валадарцы” горш – шмат наркаманаў, алкаголікаў, якіх трэба не саджаць, а лячыць. Зараз ідзе “барацьба” з наркотыкамі, але насамрэч саджаюць не дылераў, а тых, хто ўжывае наркотыкі.

Менская калонія №1 – вельмі цікавае месца. Там ёсць ўсе пласты грамадства. Шмат службоўцаў розных рангаў, супрацоўнікаў міліцыі і спецслужбаў. І там моцныя апазіцыйныя настроі: гэтыя людзі добра ведаюць аб злачынствах улады.

– Да чаго абавязвае ўмоўна-датэрміновае вызваленне?

– Ніякіх асаблівых абмежаванняў няма. Павінен зарэгістравацца ў раённым упраўленні ўнутраных спраў і апавяшчаць міліцыю, калі буду з’язджаць з горада.

– Пакуль ты быў у турме, у цябе нарадзіўся сын. Што ты яму распавядзеш пра гэты час, калі ён вырасце?

– Калі Платон вырасце будзе зусім іншы час. І тое, што адбываецца сёння ў Беларусі, стане гісторыяй. Я буду дзяліцца толькі пазітыўнымі ўспамінамі аб гэтым часе. Салжаніцын казаў: турма, дзякуй, што ты ў мяне была. Думаю, што турэмны досвед дапаможа ў будучыні. Турма дае магчымасць пазнаць шмат пра чалавека. Да таго ж, я сваімі вачамі ўбачыў усё беззаконне, якое існуе ў нашых турмах і ізалятарах. Ні адзін юрфак не даў бы мне такіх ведаў.