13 лютага палітычны камітэт Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы прызначыў новага спецдакладчыка па сітуацыі ў Беларусі. Ім стаў італьянскі парламентар Андрэа Рыгоні. У італьянскім парламенце 47-гадовы Андрэа Рыгоні прадстаўляе левацэнтрысцкі блок, партыю прэм’ер-міністра Рамана Продзі. Таксама ён з’яўляецца сябрам Еўрапейскай народнай партыі, буйнейшай у Еўрапарламенце. Да 2006 года Рыгоні выконваў функцыі сенатара, пасля чаго быў абраны ў Палату дэпутатаў. Удава выкрадзенага ў Беларусі журналіста Змітра Завадскага ў інтэрв’ю «Нямецкай хвалі» пракаментавала прызначэнне новага спецдакладчыка ПАРЕ па Беларусі, а таксама пра яго папярэдніка.
– Ці ўскладаеце Вы надзеі на новага дакладчыка ПАРЕ па Беларусі?
– Надзея заўсёды была і ёсць, таму што для мяне вельмі важна, каб былі нейкія змены ў Беларусі, каб было праведзена незалежнае расследаванне па выпадках знікнення палітыкаў і майго мужа, журналіста. Хацелася б, каб праца новага дакладчыка была досыць эфектыўнай, хоць я разумею, што гэта цяжка.
– Як Вы ацэньваеце працу папярэдняга дакладчыка Хрыстоса Пургурыдыса і яго даклад пра палітычныя знікненні ў Беларусі?
– Я задаволеная працай спадара Пургурыдаса, бо яго даклад паслужыў першым крокам для далейшай працы, якая, у прынцыпе, працягваецца дагэтуль. Ёсць праблемы з беларускімі ўладамі, якія проста не ідуць на кантакты з ПАРЕ, не даюць неабходнай для расследавання інфармацыі.
– Але папярэднія даклады па Беларусі не прынеслі істотных вынікаў. Ці ёсць сэнс у гэтай працы?
– Усе гэтыя намаганні рана ці позна не будуць марнымі. У гэтым сэнсе я аптыміст. Я разумею, што прайшло шмат гадоў. Але часам думаеш, а што было б, калі б не было ўвогуле гэтай працы, што людзі ведалі б тут у Беларусі? Гэтая праца дае надзею, што пра нас памятаюць. Але паўтаруся, усё залежыць ад улад Беларусі. Цяпер яны заяўляюць, што хочуць добрых стасункаў з Еўропай. Чаму б не? Няхай яны зробяць першы крок і дадуць магчымасць правесці незалежнае расследаванне.