Рэпрэсіі працягваюцца і ўзмацняюцца — так ацэньваецца сытуацыя ў Беларусі у штогадовай справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША аб стане правоў чалавека у сьвеце. Беларусі ў справаздачы прысьвечана 76 старонак, больш за 27 тысяч слоў. Падрабязна пералічваюцца выпадкі рэпрэсіяў, прыводзяцца сотні імёнаў пацярпелых людзей і арганізацый, газэтаў, называюцца прозьвішчы дзяржаўных чыноўнікаў, судзьдзяў, амонаўцаў, вінаватых у парушэньні правоў чалавека.
Беларусь патрапіла ў адну групу з Паўночнай Карэяй, Бірмай, Іранам, Кубай, Зімбабвэ і Эрытрэяй
Аўтарамі гэтага дакумэнту з’яўляюцца супрацоўнікі Дзярждэпартамэнту ЗША і амэрыканскія дыпляматы ў краінах, якія аглядаюцца ў дакумэнце.
Беларусь знаходзіцца ў адной групе з Паўночнай Карэяй, Бірмай, Іранам, Кубай, Зімбабвэ і Эрытрэяй — гэта краіны, дзе улады ігнаруюць і парушаюць свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека найгоршым чынам.
Справаздача Дзярждэпартамэнту дарэчы, супадае з ацэнкамі Беларусі ў галіне правоў чалавека, якія дае міжнародная і эўрапейская супольнасьць. У сьнежні 2006 году Генэральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, у якой выказваецца скрайняя заклапочанасьць становішчам з правамі чалавека ў Беларусі, у рэзалюцыі ўтрымліваўся заклік спыніць палітычна матываваны перасьлед палітычных апанэнтаў.
У красавіку 2005 году камісія ААН у правох чалавека прыняла рэзалюцыю, у якой канстатаваўся кепскі стан правоў чалавека ў Беларусі, ўтрымліваўся заклік да беларускіх ўрадаў правесьці аб’ектыўнае дасьледваньне зьнікненьняў Зьміцера Завадзкага, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага (аналягічныя рэзалюцыі былі прынятыя раней — у 2003 і 2004 гадах). Справаздача Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы заклікала адхіліць ад пасадаў службовых асобаў, падазраваных у датычнасьці да гэтых зьнікненьняў. Камісія ААН у правах чалавека таксама заснавала пасаду адмысловага дакладчыка па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
78 старонак новай справаздачы — досыць поўны, хаця і не вычарпальны пералік фактаў, якія дакумэнтальна сьведчаць, што стан правоў чалавека ў Беларусі летась працягваў пагаршацца, а рэпрэсіі нарасталі.
Аляксандар Лукашук
Радыё Свабода